Якога чалавека можна назваць фінансава дасведчаным? Каб адказаць на гэтае і іншыя пытанні, вучні 6 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Чавус разам з класным кіраўніком накіраваліся на экскурсію ў аддзяленне Белаграпрамбанка райцэнтра.
Супрацоўнікі банка з задавальненнем прынялі школьнікаў. Аляўціна Базуценка, кіраўнік аддзела рознічных продажаў, ахвотна расказала пра работу банка, пра некаторыя прафесіі ў банкаўскай сістэме, пра дыстанцыйную сістэму разліку, а таксама пра сістэму бяспекі. Спецыяліст падкрэсліла, што дзеці і дарослыя павінны ведаць пра ўсе банкаўскія прадукты, якія з’яўляюцца на рынку. Напрыклад, пра тое, што такое пластыкавая карта. Нашы дзеці бачаць, як проста, дастаўшы пластыкавую карту, здзяйсняць пакупкі, але пры гэтым трэба ведаць, да якіх вынікаў можа прывесці бескантрольнае карыстанне картамі. Так гаворка зайшла пра правільнае карыстанне картамі, пра тэхніку бяспекі пры здыманні грошай у банкамаце, пра адказнасць за перадачу асабістых даных. Супрацоўнікі таксама расказалі, як не стаць ахвярай кіберзлачынцы.
Школьнікі зразумелі, што фінансава дасведчаны чалавек плануе свае фінансы, дакладна вызначае фінансавыя мэты і іх прыярытэты, вядзе ўлік выдаткаў і прыбыткаў, жыве па сродках, мінімізуе пазыкі, памнажае капітал, карыстаецца паслугамі фінансавых кансультантаў, разбіраецца ў фінансавых інструментах, атрымлівае актуальную інфармацыю і новыя веды, вучыцца сам і перадае свае веды сям’і, дзецям, блізкім.
Ірына БРЫЗГАЛЁВА,
класны кіраўнік 6 “Б” класа
сярэдняй школа № 1 Чавус