Фарміраванне сацыяльна-маральнага развіцця выхаванцаў спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкiмi парушэннямi маўлення ў яслях-садзе № 34 Ліды ажыццяўляецца ў цэнтры драматызацыі, у якім арганізуюцца сюжэтна-ролевыя, рэжысёрскія і драматызаваныя гульні.
Педагогі напоўнілі цэнтр дзіцячымі цацкамі і гульнявымі атрыбутамі, прадметамі і дыдактычным матэрыялам для самастойнай гульнявой дзейнасці. Размясцілі тут модульныя, лёгка трансфармуемыя блокі мэблі, маркеры і малявальную дошку для запісу плана дзеянняў. Гэта забяспечыла выкананне прынцыпу праграмнай адпаведнасцi ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта.
Каб выхаванцаў цікавілі беларускія народныя традыцыі, абрады, гульні, разам з дзецьмі і іх бацькамі вырашылі арганізаваць калекцыю незвычайных касцюмаў этнакультурнай накіраванасці. Ідэя спадабалася ўсім.Мною быў падрыхтаваны матэрыял для вырабу атрыбутаў і касцюмаў, якія можна прымяніць у ходзе правядзення народных свят (Каляды, Купалле) і тэатралізаваных беларускіх казак. Лекалы зроблены ў лепшых беларускіх традыцыях выцінанкі. Сучасныя народныя майстры прапануюць свае выцінанкі-забаўлянкі з паперы. Я паспрабавала сама распрацаваць ажурныя выцінанкі і ўпрыгожыць імі тэатралізаваныя касцюмы. Працэс стварэння быў цікавым, захапляльным і карысным.
Аўтарскія касцюмы атрымаліся арыгінальнымі, незвычайнымі, яркімі, сталі сапраўдным упрыгожваннем цэнтра драматызацыі.Сезон навагодніх цудаў у групе “Зорачка” працягнуўся тэатралізаваным паказам “Калядная казка”. Дзеці, апранутыя ў эксклюзіўныя аўтарскія касцюмы, стварылі дынамічнае дзеянне на зімовай лясной палянцы. Усе ўдзельнікі дзеяння (Янка, Паўлінка, Мядзведзь, Буслік, Калядная Каза) дэманстравалі танцавальныя, вакальныя здольнасці. Тэатралізаваны паказ скончыўся прыемнымі падарункамі – каляднымі пачастункамі. Касцюмы знайшлі практычнае выкарыстанне, стварылі святочны настрой!
Наталля БУТУРЛЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 34 Ліды