У рамках вучэбнага занятку “Чалавек і свет” навучэнцы 1-га класа Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна адправіліся на экскурсію “Змены ў нежывой прыродзе зімой. Як зімуюць расліны”.
Успомніўшы і абмеркаваўшы правілы паводзін падчас экскурсіі, першакласнікі рушылі ў падарожжа. На першым прыпынку “Бінокль” вучні назіралі за аб’ектамі прыроды і разважалі, дзе сняжынкі растаюць хутчэй: на руцэ ці на паліто. У якое надвор’е снег рыпіць пад нагамі? Снежку лёгка зляпіць у марознае надвор’е ці ў адлігу?
Другі прыпынак “Як жыве дрэва зімой?” даў магчымасць першакласнікам распазнаваць дрэвы і кусты ў зімовы час па форме кроны, колеры ствала, галінках, пладах і нават па лістах, што засталіся на дрэвах.
Падчас трэцяга прыпынку “Загадкавы” навучэнцы назіралі за травяністымі раслінамі, якія зімуюць на клумбах пад снегам і адказвалі на пытанні “Што пад снегам з зялёным лісцем хаваецца? Чаму зялёныя лісткі травы не гінуць у зімовую сцюжу?”.
Расчырванелыя і задаволеныя ўбачаным, вярталіся пачаткоўцы ва ўстанову. Экскурсія ў зімовы лес спрыяла развіццю назіральнасці і эмацыянальнага ўспрымання прыроды, фарміраванню пачуцця захаплення прыгажосцю зімовай прыроды.
Алена ЖАЛОБА,
настаўнік, класны кіраўнік 1-га класа
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна