Літаратурнаму мінуламу Бераставіччыны быў прысвечаны цікавы занятак у 9-м класе Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна.
Нібы вясёлка на небе, пераліваліся прыгожым гучаннем вершы Галіны Жывіцы, якія чаравалі меладычнасцю і незвычайнасцю. З цікавасцю вучні слухалі сваіх сяброў, удзельнічалі ў абмеркаванні, выказвалі свае думкі.
Прыгажосць роднага краю, зачараванасць яго краявідамі яшчэ раз прагучалі ў вершаваных радках і прымусілі задумацца пра адказнасць кожнага чалавека за лёс Радзімы, за захаванне яе прыгажосці і непаўторнасці.
Асаблівая паэтычная старонка была прысвечана творчасці нашага земляка Івана Леткі. Сувязь з роднымі мясцінамі Іван Антонавіч пранёс праз усё жыццё і адлюстраваў у сваіх вершах. Творы паэта прымусілі вучняў задумацца пра тыя мясціны, дзе кожны з нас бярэ свой пачатак, дзе праходзіць дзяцінства і юнацтва – пра малую радзіму.
Знаёмства з творчасцю знакамітых паэтаў-землякоў – гэта своеасаблівае падарожжа па родным краі, тым краі, за лёс якога ў адказе кожны з нас.
Зоя УЦЕПЯРГЕНАВА,
класны кіраўнік 9-га класа
Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна