У рамках абласной акцыі “Свечка памяці”, прысвечанай Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, для вучняў 9–11-х класаў Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна прайшоў адкрыты дыялог “Памятаць, каб жыць”.
Падлеткі распачалі дыялог са знаёмства з мемарыялам “Свечка памяці”, які ўсталяваны амаль у самым цэнтры Іерусаліма, у парку Ган Сакер. Манумент увекавечвае памяць ленінградцаў-блакаднікаў і яўрэяў, якія прайшлі праз Халакост. На мануменце – два галоўныя сімвалы: з аднаго боку Петрапаўлаўскі сабор і Медны вершнік у варожым прыцэле – сімвал блакады, з другога – менора і Зорка Давіда, ахутаная калючым дротам – сімвал Халакосту. Вучні даведаліся пра трагічнае супадзенне: 27 студзеня – журботная і памятная дата для жыхароў Пецярбурга і Ізраіля. У гэты дзень на святой Зямлі ўспамінаюць ахвяр Халакосту, а ў горадзе на Няве адзначаюць Дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады.
На стале паставілі пяць вялікіх свечак. Мы запальвалі іх па адной падчас усяго мерапрыемства.
Некалькі хвілін відэафільма пра планамернае знішчэнне нацыстамі ўсіх тых, каго яны лічылі ніжэйшымі расамі і не вартымі права на жыццё, – і падлеткі адчулі ўсю трагічную сутнасць слова “Халакост”. У памяць пра ўсіх ахвяр Халакосту вучні запалілі першую свечку.
Насельніцтва аг. Трабы да вайны на 50 % складалася з яўрэяў. Падчас вайны ўсе былі вывезены ў Іўеўскае гета і расстраляны ў лесе каля вёскі Стоневічы. Цудам засталася жывая маленькая дзяўчынка – Эстэр Левін, якую схавалі жыхары Іўя. Яна як жывы напамін пра тыя страшныя дні. У памяць усіх загінуўшых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці в. Трабы запалілі другую свечку.
Дзеці Халакоста. Яны так хацелі жыць і радавацца сонцу, як і ўсе іх аднагодкі цяпер. Дзяўчынка з зіхоткімі вачыма і чароўнай усмешкай – Ганна Франк. Гэтай дзяўчынцы магло б быць сёння 90 гадоў. Магло б… У красавіку 1945 года Ганна Франк, аўтар знакамітага дзённіка пра яўрэйскае сховішча ў Амстэрдаме, памерла ў канцлагеры. Да вызвалення брытанскімі войскамі заставалася нейкія два-тры тыдні. Трэцюю свечку запалілі ў памяць Ганны Франк.
27 студзеня – дзень зняцця блакады Ленінграда. Вучні адзначылі, што наўрад ці ў гісторыі можна знайсці прыклад такой вытрымкі, якую праявілі на працягу такога доўгага часу ленінградцы. Іх подзвіг будзе запісаны навечна ў гісторыю. Бязмежны смутак пра загінуўшых у блакаду. У памяць усіх, хто не змог перажыць цяжкія дні блакады, дзеці запалілі чацвёртую свечку.
Дзённік Ленінградскай школьніцы Тані Савічавай вядомы ўсяму свету. Таня пачала весці яго ў блакадным Ленінградзе. Гэта быў нават не дзённік – 11-гадовая дзяўчынка не вяла штодзённых запісаў. Яна проста пісала пра смерць сваёй сям’і. Пятая свечка – у памяць пра маленькую дзяўчынку Таню Савічаву, якой не наканавана было перажыць вайну. Але памяць пра яе жывая і сёння.
У даніну вечнай павагі і падзякі, вечнага смутку і памяці прайшла хвіліна маўчання.
У заключэнні мы прагледзелі відэакліп Лізаветы Зіноўевай “Дзеці Ленінграда”. Усе запалілі маленькія свечкі і падзяліліся сваімі ўражаннямі, думкамі і эмоцыямі.
Вучні ўсвядомілі, адчулі ўсю трагічную сутнасць слова “Халакост” і ўпэўнена гаварылі, што падлеткі і моладзь не павінны пра гэта забываць, а веды свае абавязаны перадаваць наступным пакаленням. Яны павінны ведаць праўду і быць у ёй перакананымі.
Рамуальда МАХНАЧ,
класны кіраўнік 10-га класа
Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна