У Бабрыкоўскай сярэдняй школе Пінскага раёна прайшоў конкурс “Рэальная справа”, накіраваны на фарміраванне экалагічнай культуры вучняў, актыўнай сацыяльна-культурнай пазіцыі ў адносінах захавання флоры і фаўны.
Дзеці рыхтавалі пейзажныя фотаздымкі жывёл і раслін роднай мясцовасці, а таксама малюнкі, дзе паказвалі беражлівыя адносіны да прыроды.
У намінацыі “Дыханне прыроды” малодшыя вучні давалі парады па зберажэнні навакольнага асяроддзя. Найбольшая колькасць работ была прадстаўлена ў намінацыі “Прыгажосць вакол нас” (“Заход сонца”, “Сустрэча з цудоўным”, “Зімовая дарога”). Работа “Сніцца мне вёска” прысвячалася краявідам вёскі Бобрык Пінскага раёна. У намінацыі “Знікаючы від” былі прадстаўлены работы “Соня арэшнікавая” і “Запаведны лес”.
Падводзячы вынікі конкурсу, дырэктар школы Л.З.Коян адзначыла, што ён атрымаўся цікавым і змястоўным. Але самае галоўнае, што ў конкурсных работах вучні паказалі прыгажосць роднага краю.
Н.М.КУРЫЛЬЧЫК,
класны кіраўнік
Бабрыкоўскай сярэдняй школы
Пінскага раёна