Дзень роднай мовы “Я – беларус, ты – беларусачка” у дзіцячым садзе  

- 18:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай фарміравання першапачатковых уяўленняў пра родную мову, родны край, паважлівага стаўлення да іх, выхавання патрыятычных пачуццяў у санаторнай сярэдняй групе № 1 ясляў-сада № 12 Навагрудка прайшоў тэматычны дзень роднай мовы “Я – беларус, ты – беларусачка”.

На працягу дня выхавальнікі праводзілі з дзецьмі тэматычныя гутаркі пра Беларусь, чыталі беларускія народныя казкі і мастацкія творы беларускіх аўтараў, разглядалі ілюстрацыі, фатаграфіі і карціны пра прыроду, жыхароў, культуру, традыцыі і помнікі Беларусі.

Асабліва цікава прайшоў у гэты дзень музычны занятак, на якім дзеці развучвалі песні на беларускай мове, гулялі ў беларускія гульні, танцавалі жартоўны беларускі народны танец “Юрачка”.

Вельмі займальным для дзяцей быў занятак па адукацыйнай вобласці “Дзіця і грамадства” на тэму “Падарожжа ў музей беларускіх народных рамёстваў”. Выхавальнік групы Н.В.Жулінская пазнаёміла выхаванцаў з рамёствамі беларускага народа: ткацтвам, ганчарнай справай, саломапляценнем, кавальскай справай, вышыўкай, працай з дрэвам. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю разглядалі лялькі з саломы і лёну, гліняны посуд і цацкі, свістулькі з гліны, шкатулкі з бяросты і саломы, драўляныя сувеніры, цацкі, лыжкі. Не менш цікавымі аказаліся для дзяцей лэпбукі “Беларусь – мая Радзіма” , “Размаўляем на беларускай мове”, “У гасцях у беларускай казкі”, вырабленыя выхавальнікамі. Дзеці з ахвотай пагулялі ў гульню “Апрані ляльку ў беларускае адзенне”, разглядвалі адзенне беларусаў розных раёнаў і рознага часу. Дзяўчынкі і хлопчыкі разглядвалі жывельны і раслінны свет Беларусі, сімволіку.

Мы ўпэўнены, што атрыманыя ў дашкольнай установе веды дапамогуць дзецям у жыцці, а цікаўнасць да беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю будзе развівацца на наступнай ступені адукацыі.

Прыйдзе час, і сёняшнія маленькія беларусы будуць вызначаць лёс краіны, асвойваць, зберагаць і перадаваць будучым пакаленням культурную спадчыну свайго народа, таму вельмі важна абудзіць у іх найлепшыя маральныя якасці, выхаваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы, што дапаможа ім далучыцца да нацыянальнай культуры.

 

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий