У школе № 8 Светлагорска прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У яго рамках адбыўся шэраг мерапрыемстваў, якія павысілі цікавасць вучняў да мовы, паглыбілі веды пра гісторыю краіны, пра беларускіх пісьменнікаў.
Было прыемна, што цікавасць да тыдня беларускай мовы выказалі не толькі настаўнікі-прадметнікі, але і настаўнікі мастацтва, музыкі, бібліятэкары, настаўнікі пачатковых класаў, класныя кіраўнікі, педагогі-арганізатары. Разам з вучнямі яны арганізавалі шмат цікавых мерапрыемстваў, нетрадыцыйных урокаў.
Адкрыццё прайшло ў школьным музеі “Спадчына”, дзе вучні не толькі размаўлялі, спявалі па-беларуску, а яшчэ раз зазірнулі ў мінулае. Я прапанавала сваім вучням зазірнуць у даўніну, выкарыстоўваючы экспанаты, прадстаўленыя ў этнаграфічным музеі. З вялікім захапленнем вучні прымяралі на сябе вобразы літаратурных герояў Мележа, Коласа, апранаючы сукенкі, спадніцы і хусткі. Дзеля поўнага паглыблення бралі ў рукі прылады працы, пра існаванне некаторых з іх яны раней і не ведалі.
Любові і павазе да роднай мовы трэба прывучаць з маленства. Дапамогу ў гэтым аказвае кніга. Нашы бібліятэкары падрыхтавалі мабільную выставу “Бібліятэка ў чамадане” і запрасілі на яе вучняў пачатковых класаў. У чамадане былі яркія, прыгожыя, а галоўнае цікавыя кнігі беларускіх аўтараў.
У рамках Года гістарычнай памяці, вучні 8-х класаў, сумесна са сваёй настаўніцай, правялі на беларускай мове для малодшых школьнікаў тэматычную гадзіну “Памяць у сэрцы”, паведамілі пра трагічны лёс жыхароў беларускіх вёсак Ала, Хатынь, успомнілі і іншыя трагічныя старонкі вайны.
Прыемна адзначыць, што наша вучаніца Ліза Сідарчук прыняла ўдзел у конкурсе “Мне пару крыл дало юнацтва”, прысвечаным творчасці М.Танка, і заняла першае месца на раённым этапе.
На тыдні прайшоў шэраг цікавых урокаў мовы і літаратуры, якія паказалі майстэрства нашых педагогаў. Атрымалася сапраўднае свята паэзіі, артыстызму, творчасці і мовы.
Таццяна БАРАНАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 8 Светлагорска