Патрыятычны праект “Тыдзень беларуса”

- 18:34ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

У Літвінавіцкай сярэдняй школе Кармянскага раёна ў дадатак да “Школы актыўнага грамадзяніна” створаны свой асабісты праект патрыятычнай накіраванасці – “Тыдзень беларуса”. Ён будзе праходзіць кожны месяц у межах рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця лідэрскай пазіцыі ўстановы адукацыі ў сацыякультурнай прасторы аграгарадка (малога горада)”.

Мэта праекта – развіццё ў вучняў пачуцця гонару за сваю Радзіму, выхаванне адказнасці за яе сучаснасць і будучыню. Дасягненне пастаўленай мэты ажыццяўляецца праз шэраг мерапрыемстваў: арт-майстэрні, гастрафэсты, віктарыны, экскурсіі, дыялогавыя пляцоўкі, спартыўныя спаборніцтвы. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымаюць не толькі вучні і настаўнікі ўстановы адукацыі, а і законныя прадстаўнікі вучняў, прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, духавенства, грамадскія дзеячы, іншыя суб’екты гаспадарання, якія знаходзяцца на тэрыторыі Літвінавіцкага сельскага Савета і Кармянскага раёна.

Вялікую ролю ў фарміраванні светапогляду вучняў, выхаванні пачуцця патрыятызму адыгрываюць бацькі. Частка мерапрыемстваў праекта накіравана на наладжванне адносін паміж бацькамі і вучнямі. Так, сумеснымі сіламі быў закладзены школьны сад, у якім растуць яблыні, абрыкосы, парэчкі. Падчас мерапрыемства “Восеньскі кірмаш” вучні і іх законныя прадстаўнікі прымаюць удзел у захаванні і адраджэнні мясцовых традыцый.

У ходзе рэалізацыі праекта вучні не проста з карысцю бавяць час, а знаёмяцца з беларускай гісторыяй, культурай, дасягненнямі айчыннай навукі, медыцыны, ваеннага і эканамічнага сектараў. У студзені “Тыдзень беларуса” быў прысвечаны пачатку Года гістарычнай памяці. Так, вучні 9–11-х класаў разам з прадстаўнікамі мясцовага кіравання і самакіравання на дыялогавай пляцоўцы “Беларусь будучыні” абмеркавалі змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія датычацца праяўлення патрыятызма і захавання гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа.

Для вучняў пачатковых класаў была арганізавана арт-майстэрня “Калядная маска”, дзе яны пазнаёміліся з гісторыяй святкавання Каляд у беларусаў, а потым разам з настаўнікамі вырабілі цудоўныя калядныя маскі. Вучні 5–8-х класаў спрабавалі сябе ў якасці юных кухараў і сумесна з законнымі прадстаўнікамі і настаўнікамі выпякалі печыва па сваіх сямейных рэцэптах. Завяршыўся тыдзень традыцыйным для нашай мясцовасці шчадраваннем і тэатралізаваным прадстаўленнем.

Рэалізацыя мерапрыемстваў праекта “Тыдзень беларуса” садзейнічае больш глыбокаму вывучэнню вучнямі роднай краіны, фарміраванню ў іх ідэалаў, характэрных для беларускага грамадства, пачуцця гонару за сваю Радзіму і адказнасць за яе будучыню.

 

Іван ІГНАЦЕНКА,
дырэктар Літвінавіцкай сярэдняй школы
Кармянскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий