Выніковае мерапрыемства тэматычнага тыдня “Маленькія героі вялікай вайны”

- 17:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках тэматычнага тыдня, прысвечанага юным героям-антыфашыстам, у шосты школьны дзень у 4-м класе Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшло выніковае мерапрыемства “Маленькія героі вялікай вайны”. Яно адбылося пад кіраўніцтвам інфармацыйнай групы валанцёрскага атрада “Імпульс”.

Навучэнцы яшчэ раз успомнілі маленькіх герояў, хлопчыкаў і дзяўчынак усіх краін свету, якія змагаліся і паміралі за свабоду. Вучні даведаліся пра жыццё і подзвігі дзяцей, імёны якіх увайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны: Лёні Голікава, Зіны Партновай, Марата Казея, Валі Коціка, Тані Савічавай. Чацвёртакласнікі ўспомнілі і героя Алега Кашавога, імя якога носіць школьная піянерская дружына. Памяць юных герояў вайны ўшанавалі хвілінай маўчання.

Затым навучэнцы паўдзельнічалі ў міні-квесце “Засталіся юнымі навекі…”. Дзецям неабходна было прайсці чатыры станцыі, на кожнай з якіх выканаць заданне: сабраць пазл, выбраць, каму з піянераў-герояў адпавядае кожнае выказванне, адказаць на пытанні віктарыны, намаляваць малюнкі.

Мерапрыемства суправаджалася паказам прэзентацыі “Дзеці-героі” і аглядам кніг, прадстаўленых на выставе “Вялікія гісторыі маленькіх герояў”. Дзеці пазнаёміліся з творамі Сяргея Аляксеева, серыяй кніг пра піянераў-герояў, зборнікамі пра Вялікую Айчынную вайну і іншымі матэрыяламі. Скончылася мерапрыемства выпускам насценгазеты “Ніколі не забудзем”.

Хочацца верыць, што ў памяці хлопчыкаў і дзяўчынак назаўжды застануцца слаўныя баявыя справы юных герояў. Тых, хто мужна змагаўся з лютым ворагам на фронце, у партызанскіх атрадах і ва ўмовах падполля. Тых, хто ўнёс свой уклад у незалежнасць нашай краіны і каму мы, сённяшнія аднагодкі, абавязаны шчаслівым жыццём.

 

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий