Завочнае падарожжа па Беларусі здзейснілі выхаванцы ясляў-сада № 4 “Рамонак” Клімавіч.
Выхавальнік Алена Гудкова правяла хлопчыкаў і дзяўчынак па некалькіх тэматычных прыпынках, якія дазволілі ім спазнаць асаблівасці сваёй радзімы.
На першым прыпынку дзеці пазнаёміліся з дзяржаўнымі сімваламі краіны. Яны даведаліся, што ў кожным элеменце сімволікі закладзены глыбокі сэнс: гісторыя і традыцыі народа.
Пасля адбылася сустрэча рабят з прыродным багаццем Беларусі. Выхаванцы з задавальненнем адгадвалі загадкі пра жывёл і расліны нашай мясцовасці. З малюнкаў-адгадак яны вылучылі прыродныя сімвалы роднага краю.
Апошні прыпынак “Бабулін куфэрак” таксама выклікаў непадробную цікавасць. Дзеці не толькі даведаліся пра народныя промыслы беларусаў – ганчарнае рамяство, разьбу па дрэве, вышыўку, саломапляценне – але і змаглі патрымаць у руках прадметы творчасці.
Завяршыла падарожжа гульня ў лато “Мая краіна”. Выхаванцы правільна запоўнілі ўсе палі картак, а гэта значыць, што занятак прайшоў з карысцю.
Алена МАКАРЭВІЧ,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 4 “Рамонак” Клімавіч