Навучэнцы 9-х класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні прынялі ўдзел у Рэспубліканскай гадзіне памяці ў форме пісьмовага ўрока “Каханне і подзвіг”, прысвечанага героям Вялікай Айчыннай вайны Зінаідзе Тусналобавай і Іосіфу Марчанку.
Вучні прачыталі гісторыю кахання Зінаіды і Іосіфа, пранікліся гісторыяй жыццёвага шляху бясстрашнай медсястрычкі, якой ампутавалі ногі і рукі, але яна не страціла веры ў шчаслівую будучыню. 23-гадовая дзяўчына перажыла жахі вайны, аднак неўзабаве была ўзнагароджана шчаслівым сямейным жыццём.
Пасля прачытання гэтай дзіўнай і трагічнай гісторыі вучні прыняліся за напісанне эсэ, у якім паразважалі пра сілу кахання, подзвігу Іосіфа і Зінаіды, пра шлюб.
“Каханне – гэта лепшае пачуццё на нашай зямлі, якое можа адчуць чалавек. Такое пачуццё, як каханне, здольнае на многае. Напрыклад, каханне можа адвесці ад трагічных учынкаў, перамагчы вайну, вылечыць ад страшнай хваробы, натхніць на гераізм”, – дзяліліся сваімі думкамі дзевяцікласнікі.
Каханне і вайна… Два словы, на першы погляд, несумяшчальныя, аднак каханне ваеннай медсястры Зінаіды Тусналобавай і афіцэра Чырвонай Арміі Іосіфа Марчанкі даказала дзевяцікласнікам адваротнае. Нават смерць можа адступіць, баючыся патрывожыць закаханых.
Юлія БЕЛАКАПЫТАВА,
настаўнік гісторыі
сярэдняй школы № 7 Смаргоні