Ханявіцкія трэцякласнікі наведалі этнаграфічны музей  

- 17:40ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы 3-га класа Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна пабывалі на экскурсіі ў этнаграфічным музеі, які знаходзіцца на базе сельскага філіяла-клуба аграгарадка Ханявічы.

Загадчык клуба і музея Алена Пісар расказала дзецям, чаму музей абсталяваны ў выглядзе хаты і растлумачыла, што хата – наша калыска, утульнае і цёплае гняздо, адкуль “вылятаем мы ў вырай”, куды вяртаемся з далёкіх і блізкіх дарог. Нездарма ў народзе кажуць: “Чужая хата не грэе, а свая хатка як родная матка”.

У хаце-музеі дзеці ўбачылі абсталяваны кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць, ці чырвоны кут – так называецца гэта пачэснае месца. Тут, на покуці, пад столлю вісяць абразы і маўклівай малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей.

Зацікавіў у музеі дзяцей вялікі кошык. Але гэта не проста кошык, а калыска для немаўляці. Дзеці даведаліся, што плялі яго з лазовых дубцоў, чырвонай ракіты, ядлоўцавых каранёў.

З вуснаў экскурсавода пачулі навучэнцы і пра тое, што сялянскую хату нельга ўявіць без печы, таму што яна карміла, сагравала, лячыла ад прастуды, і таму яна, як чарадзейная істота, жыве ў народных казках, прымаўках і прыказках. Дзеці ўбачылі, што на прыпечку вымуравана ямка, куды зграбалі гарачае вуголле і, прысыпанае попелам, яно доўга не гасла і выкарыстоўвалася замест запалак.

Трэцякласнікі з захапленнем слухалі аповед пра жыццё і заняткі нашых далёкіх продкаў і былі здзіўлены, што доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны без справы не сядзелі, а пралі, вышывалі, шылі. У час падарожжа па этнаграфічным музеі хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з рознымі прыладамі для ткацтва: прасніца, верацяно, бёрда, матавіла, сукадла, калаўрот, а асабліва дапытлівыя і цікаўныя паспрабавалі нават насукаць нітку.

Таксама навучэнцы даведаліся, што існавалі спецыяльныя прылады для разгладжвання тканых вырабаў – гэта качалка і валок. Алена Іосіфаўна паказала дзецям, як раней прасавалі тканіну: спачатку накручвалі на качалку, затым раскачвалі пры дапамозе валка, драўлянага бруса з нарэзанымі ўпоперак зубцамі. У дзяцей была магчымасць паказаць свой спрыт і ўменне ў разгладжванні тканіны. Гэта справа ім вельмі спадабалася.

Знаёмячыся з прыладамі працы, хатнім начыннем, вырабамі вяскоўцаў, навучэнцы ўбачылі сапраўдную душу народа. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, калі дзіця само пачуе песні мясцовых жанчын, паглядзіць, як пляце кашы дзядуля-майстар і павучыцца ў яго. Тады дзіця пераканаецца, што прыгожыя словы пра яго народ не абстракцыя, а рэальнасць, і нам ёсць чым ганарыцца.

 

Таццяна АГЕЙ,
класны кіраўнік 3-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий