Раённы тур штогадовага рэспубліканскага конкурсу-алімпіяды “Школа бяспекі – 2022” прайшоў на базе сярэдняй школы № 5 Навагрудка.
Сярод удзельнікаў былі трое вучняў Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Чацвёртакласнік Мікалай Быстранкоў, шасцікласніца Дар’я Быстранкова і навучэнка 9-га класа Кацярына Раманюк стараліся прадэманстраваць высокі ўзровень як тэарэтычных ведаў, так і практычных навыкаў па пытаннях забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці.
Спаборніцтва было нялёгкім. Для пачатку школьнікі, падзяліўшыся на групы, адказвалі на пытанні тэсціравання. Далей іх чакала выступленне ў конкурсе прамоўніцкага майстэрства. Усяго за хвіліну ўдзельнікам трэба было раскрыць абраную тэму, прычым зрабіць гэта пераканаўча і выразна. Тыя, хто справіўся з заданнем, прайшлі ў фінал, дзе яны павінны былі адказаць на пытанні рознага ўзроўню складанасці.
Вельмі радуе, што ў фінал сярод вучняў 5–8-х класаў выйшла наша шасцікласніца Дар’я Быстранкова, якая заняла другое месца і атрымала грамату.
Дар’я гаворыць, што такі конкурс – добры спосаб праверыць свае веды па бяспецы, бо яны вельмі важныя ў паўсядзённым жыцці.
Надзея РАЙСКАЯ,
педагог-арганізатар
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна