Дашкольнікі знаёміліся з творчасцю беларускіх пісьменнікаў  

- 13:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Літаратурная гасцёўня “Каб мова родная гучала”, прысвечаная Дню роднай мовы, прайшла ў санаторнай сярэдняй групе № 1 ясляў-сада № 12 Навагрудка.

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Дзень роднай мовы пачаўся з ранішняй гутаркі “Нашыя знакамітыя беларускія песняры”. Мы расказалі выхаванцам пра творчасць беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, суправаджалі расказ прэзентацыяй.

Госцем свята быў Бульбашык, які загадаў дзецям беларускія загадкі. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі пагулялі ў беларускую народную гульню “Ходзіць ліска ля ваконца”. Дзеці паказалі хуткасць рэакцыі, спрыт і кемлівасць. Не менш цікавымі для нашых дзяцей былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні “Складзі арнамент”, “Адгадай па апісанні”, “Апішы прадмет”, “Што для чаго”, “Скажы па-беларуску” і іншыя. А ладзячы рэжысёрскія гульні з макетам сялянскай хаткі, нашы дзеткі змаглі праявіць сваю творчасць, уяўленне, моўныя здольнасці, веданне прадметаў побыту.

Ну а хто ж не любіць слухаць беларускія казкі? Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню кругагляду дзіцяці, фарміраванню ўяўленняў пра побыт і жыццёвы ўклад беларускага народа, народныя традыцыі. З выхаванцамі правялі віктарыну “Знаўцы беларускіх казак”, што дазволіла малым паказаць свае веды. Яны ўгадвалі казкі па малюнках ці ўрыўках і нават пераказвалі іх па малюнках. Асабліва цікавай была драматызацыя беларускай народнай казкі “Коцік, пеўнік і лісіца”, дзе дзеці праявілі камунікатыўныя здольнасці, фантазію, творчасць і артыстызм.

Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мілагучнасць – адзін са шляхоў выхавання любві да сваёй радзімы. Дык будзем з замілаваннем услухоўвацца ў нашу мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крыніц беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі і роднага краю. Неабходна старацца як найлепш карыстацца роднай мовай, з павагай адносіцца да яе, прывіваць любоў і пашану да мовы Бацькаўшчыны нашым дзецям. Дзень роднай мовы прайшоў цікава і плённа.

 

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий