Тыдзень прафарыентацыі ў пархімаўскай школе

- 13:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе Бераставіцкага раёна прайшоў тыдзень прафарыентацыі.

Выбар прафесіі – складаны і адказны крок у жыцці кожнага чалавека, які патрабуе падрыхтоўкі ведаў, часу на роздумы і не церпіць легкадумнасці, паколькі ўсе мы хочам, каб праца адпавядала нашым інтарэсам і магчымасцям, прыносіла радасць і годна аплачвалася, бо большую частку свайго часу людзі прысвячаюць менавіта працы.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак пачатковых класаў праведзена дзелавая гульня “Прафесіі нашых бацькоў”. Дзеці разважалі пра тое, кім яны мараць стаць, кім працуюць іх бацькі, адгадвалі загадкі, знаходзілі ўладальнікаў прафесійных інструментаў.

Навучэнцы 5–7-х класаў спаборнічалі ў КВЗ “Кім быць?”. У займальнай форме хлопцы і дзяўчаты даведаліся шмат новага і цікавага пра розныя прафесіі, праявілі сваю знаходлівасць, кемлівасць, артыстычныя здольнасці, паказалі веды пра свет прафесій.

На тэматычнай інфармацыйнай гадзіне “Прафесійная адукацыя сёння – стабільнае будучае заўтра” навучэнцы 8-га класа азнаёміліся з апошнімі публікацыямі пра прафесіі ў друкаваных СМІ, высветлілі значэнне слова “абітурыент”, працавалі з сайтам https://kudapostupat.by, навучыліся ажыццяўляць пошук навучальнай установы па тэрытарыяльнай прымеце, па спецыяльнасці, уступных іспытах, прахадных балах і іншых крытэрыях, наведалі сайты ўстаноў, якія іх зацікавілі.

9-ы клас у рэжыме анлайн-тэсціравання вызначыў свой тып тэмпераменту.

З мэтай аказання прафарыентацыйнай падтрымкі навучэнцам у выбары профілю навучання і сферы будучай прафесійнай дзейнасці прайшла сустрэча з выкладчыкамі Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Пытанні выбару прафесіі абмяркоўваліся падчас сустрэчы навучэнцаў 8–9-х класаў з прадстаўнікамі КСУП “Пархімаўцы”.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Пархімаўцы” Віктар Кашлявік расказаў прысутным пра магчымасці атрымання мэтавага накіравання ад прадпрыемства. Вадзіцель КСУП “Пархімаўцы” Аляксей Македон і эканаміст па заработнай плаце Эрык Кончык расказалі пра працоўныя будні, пра перавагі сваіх прафесій, падзяліліся з вучнямі ўражаннямі ад вучобы.

Тыдзень прафарыентацыі прынёс станоўчыя вынікі, дапамог многім навучэнцам знайсці адказы на пытанні, даведацца новае пра свет прафесій.

 

Святлана ВОЙШЭЛЬ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий