Экскурсія школьнікаў на мехдвор і малочна-таварны комплекс  

- 14:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З дапамогай каго на роднай зямлі хлеб расце і адкуль на стале малако? Адказы на гэтыя пытанні пажадалі атрымаць вучні Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна – удзельнікі праекта “Агра-субота: парады спецыялістаў будучым аграрыям”, адправіўшыся на экскурсію на мехдвор і малочна-таварны комплекс сельскагаспадарчага прадпрыемства “Ёдкі-Агра”.

На мехдвары вучняў сустрэў інжынер Аляксандр Крыпец, які распавёў дзецям пра ўсе тонкасці падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной кампаніі. “Без тэхнічных ведаў гэтага чалавека наш калгас не ведаў бы поспехаў ні ў полі, ні на ферме”, – выказалі меркаванне старшакласнікі, убачыўшы, як у кожным кутку прадпрыемства старанна працуюць спецыялісты розных узростаў. На малочнай ферме вучні яшчэ раз пераканаліся ў гэтым. Тут дзяцей уразіла, які складаны шлях да стала праходзіць усімі намі любімы прадукт – малако. Самае галоўнае, што зразумелі дзеці, якасць малака залежыць ад многіх фактараў: умоў утрымання кароў, іх даення, кармоў і стану здароўя жывёл. Пра гэта расказала дзецям брыгадзір малочна-таварнага комплексу “Ёдкі” Вольга Лісоўская.   

У малочнай лабараторыі школьнікі пагаварылі са спецыялістам-лабарантам Ганнай Дрык, пазнаёміліся з працэсам дыягностыкі малочнай прадукцыі, самі паспрабавалі праверыць якасць, шчыльнасць малака, правялі пробу на антыбіётыкі.

Штодзённыя будні ёдкаўскіх аграрыяў вельмі захапілі школьнікаў. Яны на свае вочы ўбачылі людзей, якія ўсёй душой хварэюць за ўраджай, за наш агульны дабрабыт. “І так у Ёдках працуюць каля 90 апошніх гадоў. Бо столькі існуе тут малочная ферма і калгас, які раней называўся “Запаветы Ільіча”, – падагульніла інфармацыю вучаніца 9-га класа, экскурсавод школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Аліна Марцэвіч, прадзеды якой таксама працавалі на гэтай ферме. А дзеці зазначылі: “Мы на ўсё жыццё запомнім, колькі сіл, цярпення і працы каштуе выраб хлеба і малака”.  

 

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий