У Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Бераставіцкага раёна да Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі разнастайныя мерапрыемствы.
Сямнаццаць вучняў школы прынялі ўдзел у конкурсе “Буслік–2022”. Дарэчы, кожны год удзельнікі займаюць у ім прызавыя месцы.
Старшакласнікі падрыхтавалі цікавую інфармацыю на стэнд “Мова родная, жыві і квітней!”. Мацвей Дамастой і Дар’я Васільчанка правялі для вучняў пачатковых класаў пазвальна-забаўляльныя пяціхвілінкі “З любоўю да роднага слова”, падчас якіх загадвалі беларускія загадкі, успаміналі прыказкі пра родны край.
З задавальненнем вучні ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні “Знаўцы роднай мовы”. “Гэта цікава”, “Загадкі”, “Рэбусы”, “Метаграмы”, “Шарады” – гэта туры, праходзячы якія, гульцы змаглі праявіць свой інтэлект, кемлівасць і вынаходлівасць. Пераможцамі ў гульні сталі прадстаўнікі каманды “Роднае слова”, якія перамаглі каманду “Знаўцы”.
У суботу прайшоў моўны турнір “Мова родная – мова модная”. За званне лепшых знаўцаў беларускай мовы змагаліся дзве каманды: каманда хлопчыкаў “Каласкі” (капітан Максім Салама) і каманда дзяўчынак “Васількі” (капітан Дар’я Васільчанка). Перамогу атрымала каманда “Каласкі”.
21 лютага ўся школа прыняла ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. На працягу дня калідоры школы поўніліся мілагучнай роднай мовай.
Усе мерапрыемствы дапамаглі яшчэ раз пераканацца ў тым, што родная мова – гэта скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць яго, каб сапраўды можна было сцвярджаць: “Мова родная – мова модная”.
Алена КАЖАНЕЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна