У Корнадзьскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам “Гучы, мая родная мова!”. Навучэнцы 5–6-х класаў прынялі ўдзел у гульні-падарожжы “Беларусь і беларусы”.
Галоўнай мэтай мерапрыемства было пашырыць веды пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, выхаваць пачуццё гонару і павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры. Эпіграфам свята сталі словы У.Караткевіча: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна”.
Напачатку падарожжа вучням быў прапанаваны відэаролік “Беларусь – мая Радзіма”. Падчас прагляду кожны з прысутных меў магчымасць адчуць гонар за свой народ, зямлю, малую радзіму, за тое, што мы – беларусы!
Сапраўдная інтэлектуальная барацьба адчувалася на мерапрыемстве, якое праходзіла ў некалькі этапаў. У першым туры вучням былі прапанаваны пытанні па беларускай мове. Яны не толькі ўзнавілі, але і сістэматызавалі раней набытыя веды па лексіцы і фразеалогіі, пашырылі свой слоўнікавы запас.
Другі тур быў прысвечаны народным традыцыям і святам Беларусі. На шляху навучэнцаў сустракаліся прылады працы і прадметы побыту продкаў, беларускія нацыянальныя стравы, народнае адзенне беларусаў. Наглядныя матэрыялы і экспанаты школьнага музея Ручніка спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.
Найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікаў тур “Замарочкі з бочкі”. Кожная каманда выбірала замарочку для каманды-праціўніцы. Пры выкананні асобных заданняў вучні праявілі кемлівасць і знаходлівасць.
У выніку, школьнікі ўбачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова. Групавая форма работы дазволіла ўключыць у працэс пошуку і творчасці ўсіх вучняў, а радасць перамогі стала магутным штуршком для далейшага вывучэння роднай мовы. Праведзеная гульня-падарожжа дала магчымасць і настаўніку вылучыць найбольш здольных вучняў для падрыхтоўкі да прадметнай алімпіяды.
Вольга ЛЫСЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна