У добры шлях, кадзінскія выпускнікі-2020!

- 12:02МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

Кожны з нас зведаў шчаслівыя эмоцыі выпускнога балю. Школьныя гады скончыліся, і ты, пасталеўшы, нарэшце выходзіш у дарослае жыццё. Гэта адметнае пачуццё, якое немагчыма перадаць словамі. Сёлета традыцыйнага выпускнога балю па зразумелай прычыне ў школе не рабілі, але ўрачыстае ўручэнне атэстатаў адбылося.

Скончылася дзяцінства, і ўсім трошкі сумна, бо развітвацца са светлым заўсёды нялёгка. Але час няўмольна ідзе наперад, бягуць секунды, хвіліны, гадзіны…

Надоечы ў актавай зале нашай школы бурнымі апладысментамі сустракалі юных і прыгожых, вясёлых і мэтанакіраваных, таленавітых і непаўторных выпускнікоў 2020 года.

Усе экзамены здадзены, залатая школьная пара скончылася, наперадзе паступленне, студэнцтва і такое цікавае самастойнае жыццё. Школьныя гады вучняў былі поўныя цікавых адкрыццяў, часам – расчараванняў. Тут яны вучыліся адстойваць свае погляды і перакананні, сябраваць, любіць.

Усё гэта выпускнікі будуць успамінаць, калі выйдуць за парог школы з пуцёўкай ў дарослае жыццё, якая называецца “Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі”. Гэты важны дакумент выпускнікі прынялі з рук дырэктара школы Надзеі Канстанцінаўны Арцёменка. Выдатніцай вучобы стала Марыя Лапіцкая, якая атрымала залаты медаль ад старшыні Магілёўскага райвыканкама Алега Іванавіча Чыкіды.

У гэты незабыўны вечар прагучала шмат добрых слоў у адрас выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў. Толькі ў такой цеснай садружнасці “настаўнікі – вучні – бацькі” могуць сфарміравацца такія выдатныя маладыя людзі, як выпускнікі гэтага года. Харашысты і выдатнікі, спартсмены і актывісты, добрыя, шчырыя, выхаваныя. Хочацца сказаць вялікі дзякуй бацькам, якія не толькі дапамагалі школе, але і шанавалі нялёгкую настаўніцкую працу.

Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стаў відэафільм ад педагогаў школы. Дыскі з пажаданнямі і віншаваннямі настаўнікаў былі падораны класным кіраўніком кожнаму выпускніку.

Нечаканасцю падчас урачыстасці стаў сюрпрыз ад выпускнікоў класнаму кіраўніку. Прыгожыя словы, музыка, велізарнае сэрца, як сімвал любові… Немагчыма стрымаць слёз. Гэты выпускны вечар незабыўны!

Дарагія выпускнікі, хай школьныя гады застануцца ў вашай памяці чарадой шчаслівых яркіх дзён. Хай пачатак вашага дарослага жыцця будзе ўдалым і пазнавальным. Любіце жыццё, не забывайце настаўнікаў, родных, сяброў. Будзьце годнымі і справядлівымі, і тады вам абавязкова ўсміхнецца поспех.

У добры шлях, выпускнікі – 2020!

Алена БАГАМАЗ,
 класны кіраўнік 11-га класа
Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий