Выхаванне павагі і любові да роднай мовы ў пінкавіцкіх навучэнцаў

- 13:46БРЕСТЧИНА, Регионы

Традыцыйна ў лютым у Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Пінскага раёна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў навучэнцаў павагі і любові да роднай мовы, да беларускага слова, на захаванне традыцый і звычаяў малой радзімы – вёскі Пінкавічы.

Мерапрыемствы цікавыя, пазнавальныя, рознага плана і фармату, але аб’яднаныя агульнай тэматыкай і праходзяць пад назвай “Слова спявае і весяліцца. Роднае слова да сэрца ірвецца…”

Па традыцыі ў Міжнародны дзень роднай мовы ў школе праходзіць акцыя “Гаворым па-беларуску”. Навучэнцам пры ўваходзе ў школу прапануецца выцягнуць з куфэрачка картку з выявай бусла, на якой запісаны прыметнік, які характарызуе беларускую мову. Гэтую картку вучні прымацоўваюць на стэндзе. А далей выпускнікі школы прапануюць выцягнуць картку са словам на рускай мове і зрабіць вусны пераклад на беларускую мову.

У гэты дзень можна было наведацца ў 6-ы клас на ўрок-гульню “Падарожжа па краіне “Беларуская мова”. Дзевяцікласнікі падрыхтавалі вусны часопіс “Гісторыя і мова. Падарожжа ў гісторыю мовы”. Навучэнцы 10-га класа складалі тэксты і размаўлялі на ўроку на дыялектнай мове, на гаворцы жыхароў вёскі Пінкавічы.

Выпускнікі школы вельмі адказна аднесліся да мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы. Яны стварылі відэаролік на верш Пімена Панчанкі “Родная мова” (“Кажуць, што мова мая аджывае…”), а потым запрасілі навучэнцаў старшых класаў у літаратурную гасцёўню “Мелодыю мовы заўсёды я чую…”, прысвечаную паэтам і пісьменнікам-юбілярам.

Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць яшчэ з маленства, з гучання цудоўных беларускіх казак, легендаў. Не засталіся ўбаку ад такой падзеі і навучэнцы малодшых класаў. Для іх падрыхтаваны і праведзены цэлы шэраг лінгвістычных забавак-гульняў: гульня “Таемныя словы”, слайд-прагляд “Ты – мне, я – табе”, моўны турнір “З любоўю да роднага слова”.

У дзень беларускай мовы мы не маглі пакінуць без увагі, што ў вёсцы Пінкавічы працаваў вялікі Колас, які стаяў у вытокаў фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Вучні 8-х класаў падрыхтавалі літаратурную гасцёўню “Усяму пачатак – родная мова”. Расказалі пра працу Коласа ў Пінкавічах і яго творчасць у гэты перыяд.

У гасцёўню былі запрошаны экскурсаводы з музея імя Якуба Коласа. Яны прадэманстравалі дакументальныя матэрыялы, звязаныя з жыццём пісьменніка ў вёсцы Пінкавічы. Вучні чыталі вершы паэта, прысвечаныя роднай беларускай мове, якія садзейнічалі развіццю навыкаў выразнага чытання. Падчас правядзення літаратурнай гасцёўні кожны з вучняў паказаў свае творчыя здольнасці.

 

Наталля ПЕТРАШКЕВІЧ,
Наталля ЛУЧЫЦ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа
Пінскага раёна

    

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий