Навадворскія дашкольнікі наведалі “Беларускую хатку”

- 17:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзень святкавання роднай мовы педагогі Навадворскага ясляў-сада Свіслацкага раёна прапусціць не маглі і арганізавалі для выхаванцаў наведванне «Беларускай хаткі», якая папоўнілася новымі экспанатамі. З імі і пазнаёміліся хлопцы і дзяўчаты.

У этнаграфічным пакоі дзеці даведаліся, што раней маленькіх дзяцей калыхалі ў люльцы (калысцы), якая была падвешана на круках да бэлькі. Нікому не хацелася прамінуць магчымасць пакалыхаць люльку і нават паспяваць калыханкі “Кую-кую ножку”, “Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры”, якія мы развучвалі на занятках мастацкай літаратуры.

Дзеці заўважылі, што стол засланы прыгожым абрусам, але абрус – незнаёмае для іх слова, а ў хатцы яны пазнаёміліся з ім увачавідкі. Кожны дакрануўся да кветак, вышытых на абрусе, дашкольнікі былі захоплены прыгажосцю ўзораў. А потым мы арганізавалі “пасядзелкі”, ці як іх яшчэ называлі “вячоркі”. Значэнне гэтых слоў дзеці самі спрабавалі растлумачыць. Яны прыселі і ўявілі, як жа гэта было раней. Толькі замест вышывання, вязання, прання было прапанавана праверыць іх на кемлівасць, што часта ў тыя часы любілі ладзіць старэйшыя для малодшых.

Першым выпрабаваннем былі загадкі пра прылады працы, садавіну і агародніну. Потым узгадалі ўрыўкі з беларускіх народных казак, такіх як “Каза-манюка”, “Сынок-з-кулачок”, “Зайкава хатка”, “Піліпка-сынок”. Успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі пра хлеб: “Хлеб – усяму галава”, “Што пасееш – тое і пажнеш”, “Будзе дождж ісці – будзе хлеб расці”. З лёгкасцю справіліся з заданнем “Складзі арнамент”, амаль без памылак пераклалі словы з рускай мовы на беларускую ў гульні “Скажы па-беларуску”. Нашы пасядзелкі суправаджаліся таксама беларускімі гульнямі “Знайдзі зерне для пірага” (пальчыкавая гімнастыка), “Шэры кот”, “Хата ўцехамі багата” (фізхвілінкі).

Ладзячы мерапрыемствы з наведваннем этнаграфічнага пакою, дзеткі маюць магчымасць праявіць сваю творчасць, моўныя здольнасці, удасканаліць веды пра прадметы побыту, прылады працы, якімі нашы продкі карысталіся даўней (калаўрот, прас, маслабойка, верацяно, серп, цэп і іншыя). Такія мерапрыемствы накіраваны на выхаванне ў дашкольнікаў паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне грамадзяніна.

 

Наталля ЕРМАКОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Навадворскага ясляў-сада
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий