Калейдаскоп мерапрыемстваў у сярэдняй школе № 7 Смаргоні

- 19:22ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ярка і запамінальна прайшло ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы. Кожнае мерапрыемства, падрыхтаванае настаўнікамі, было па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным. Конкурс творчых пісьмовых работ, малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, віктарыны, падарожжы…

Свята мовы распачалося з акцыі “Гавары са мной па-беларуску!” І настаўнікі, і вучні, і работнікі школы актыўна ўключыліся ў зносіны на беларускай мове.

На першым уроку ў кожным класе настаўнікі-прадметнікі правялі тэматычную пяціхвілінку “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”.

У інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры, а таксама ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры да Дня роднай мовы арганізаваны выставы “З родным словам па жыцці”, “Адкрываем нанова беларускае роднае слова”, “Гонар і слава роднай зямлі”, “Дзіўнай мовы пералівы”.

Работнікі інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Алена Страшкевіч і Тарэза Валадзько для вучняў 6-х класаў арганізавалі інтэлектуальна-пазнавальную гульню “Мовазнаўчы марафон”. Удзельнікі ўзгадвалі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, выказваліся пра ролю роднай мовы ў жыцці чалавека і грамадства, тлумачылі сэнс беларускіх слоў, практыкаваліся ў выкарыстанні фразеалагізмаў. А вучні 3-х класаў прынялі актыўны ўдзел у гульні “Мультпарад па-беларуску”.

У цікавай форме прайшла гульня-падарожжа для вучняў 5-х класаў “Вандроўка ў родную мову”. Школьнікі прыгадвалі беларускія словы, з захапленнем тлумачылі значэнні фразеалагізмаў, працягвалі прыказкі, цытавалі радкі з вершаў беларускіх паэтаў.

Шасцікласнікі ўзельнічалі ў гульні-віктарыне “У краіне роднай мовы”. Удзельнікі ўзгадалі архітэктурныя помнікі мінулага, імёны славутых людзей, вядомых паэтаў. Вельмі цікава і займальна прайшоў тур “Адгадай мелодыю”. А этапы “Лінгвістычны спрынт”, “Карэктар” і “Пазнай твор” далі магчымасць навучэнцам паказаць трывалыя веды па беларускай мове і літаратуры. Напрыканцы вучні прынялі ўдзел у акцыі “Маё любімае слова на беларускай мове”. Вельмі прыемна, што сярод любімых слоў навучэнцаў былі словы Радзіма, матуля, каханне, сонейка – гэта сведчыць пра сапраўдныя каштоўнасці ў іх жыцці.

Інтэлектуальная гульня “Моваведка” для вучняў 7–8-х класаў пачалася з размінкі, падчас якой удзельнікам неабходна было адказаць на пытанні з розных галін навукі: беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі. Далей камандам прапанаваны былі разнастайныя конкурсы: “Рассыпаныя прыказкі”, “Лінгвістычныя задачы”, “Пытанні-жарты”, “Моўныя прапорцыі”, “Словаведы”, “Прадоўжы твор”, якія садзейнічалі развіццю пазнавальнай актыўнасці, абуджэнню цікавасці да роднай мовы.

У дзень роднай мовы навучэнцаў 9–11-х класаў гасцінна вітала гарадская бібліятэка № 3. Вучні сталі ўдзельнікамі вечарыны “Святло роднай мовы”. Гучалі беларускія вершы, цікавыя аповеды пра слова і літаратараў. Але больш за ўсё школьнікаў захапіў літаратурны квест. Перамагла каманда “Воля”. Інтэрактыўная гульня “Пагавары са мной па-беларуску” складалася з наступных конкурсаў: “Мовазнаўства”, “Літаратуразнаўства”, “Беларуская музыка”, “Народная мудрасць”. Народныя жарты, афарызмы, загадкі і прыказкі асабліва зацікавілі навучэнцаў.

Напрыканцы святкавання Міжнароднага дня роднай мовы для педагагічных работнікаў, бацькоў і вучняў быў праведзены абласны дыктант, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Гэта выдатная магчымасць папулярызаваць беларускую мову, удасканаліць веды па ёй.

Свята роднага слова завяршылася, але беларуская мова працягвае гучаць у школе. Некалі Францішак Багушэвіч казаў: “Мова – гэта “адзежа душы”. Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!

 

Святлана ЛЯХ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий