У сярэдняй групе санаторных ясляў-сада № 9 Смаргоні арганізаваны агарод на падаконніку.
Адной з задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей 4–5 гадоў з’яўляецца фарміраванне пазіцыі актыўнага ўдзелу ў працоўнай дзейнасці. Дзеці вучацца самаабслугоўванню, асновам гаспадарча-бытавой працы, практыкуюцца працаваць у прыродзе. Так, сумесна з дарослым дзеці знаёмяцца з тым, як вырошчваць расліны на агародзе: сеюць насенне буйной і сярэдняй велічыні (бабы, фасолю, гарбуз, гарох, буракі), саджаюць цыбуліны рэпчатай цыбулі і г. д.
Менавіта з гэтай нагоды мы арганізавалі ў групе агарод на падаконніку. Цікавым для дзяцей аказалася арганізацыя міні-градак: цыбуля была пасаджана ў градку, на якую свяціла вясенняе сонца; радыска – у градку, якая размясцілася сярод сельскагаспадарчага падворка; на вясковай пляцоўцы апынулася агародніна, якую можна паліваць вадой, набранай са студні, а працавіты трактар вязе цэлы прычэп разнастайнай расліннасці.
Лічым, што ў такой гульнявой форме лягчэй вырашыць шэраг задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі з розных адукацыйных галін: “Дзіця і грамадства”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Дзіця і прырода”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Цяпер мы будзем назіраць, як расце тое, што мы пасеялі.
Анастасія МАРШАЛАК, Людміла ЧАРНЕЦКАЯ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
санаторных ясляў-сада № 9 Смаргоні