Люблю расказваць і тлумачыць

- 12:05Персона

Шлях у педагогіку для настаўніка біялогіі ліцэя № 1 Баранавіч Яўгена Казмерчыка пачаўся з захаплення прадметам. Будучы школьнікам, ён актыўна развіваўся ў алімпіядным руху: станавіўся прызёрам раённых і абласных алімпіяд па біялогіі. У 11 класе сур’ёзна думаў пра паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт, але вясной перад выпускнымі экзаменамі ў школе рэзка перадумаў. Вырашыў паступаць у БДПУ імя Максіма Танка. І не прагадаў.

Ужо трэці год Яўген Віталь­евіч — настаўнік, прычым у той жа ўстанове, якую заканчваў сам. “Люб­лю расказваць і тлумачыць”, — падзяліўся сваёй матывацыяй звязаць прафесію з педагогікай малады біёлаг. І, як не раз пад­крэс­ліваў падчас размовы, яшчэ ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. 

 “Нягледзячы на невялікі стаж, Яўген Вітальевіч мае даволі добры ўзровень падрыхтоўкі, умее ствараць умовы для творчых магчымасцей навучэнцаў, выкарыстоўвае на занятках сучасныя сродкі навучання, імправізуе, вельмі ініцыятыўны і эрудзіраваны”, — так характарызуюць маладога настаўніка калегі. 

“За час работы зарэкамендаваў сябе як кампетэнтны спецыяліст. Урокі праводзіць на добрым метадычным узроўні, шырока прымяняе даследчыя заданні, умела арганізуе работу з падручнікам, дадатковай літаратурай і нагляднымі дапаможнікамі. Пастаянна актывізуе творчую ініцыятыву і самастойнасць навучэнцаў”, — а так яго характарызуе адміністрацыя ліцэя.

Яўген Вітальевіч разумее, што настаўнік ніколі не павінен спыняцца ў сваім руху, таму пастаянна працуе над павышэннем свайго метадычнага ўзроўню. “Мне вельмі падабаецца мая работа. Выкладаю ў 8—11 класах. Цяжкасці, канечне, узнікаюць. У асноўным з-за недахопу метадычных уменняў і навыкаў. Безумоўна, мне ёсць куды развівацца і расці, і каб гэты працэс
паскорыць, наведваю розныя курсы і семінары. Нядаўна прымаў удзел у семінары па развіцці лагічнага мыслення школьнікаў, які праводзіў Брэсцкі інстытут развіцця адукацыі”, — адзначыў Яўген Казмерчык.

У пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці маладыя настаўнікі сутыкаюцца з шэрагам пытанняў і праблем. Напрыклад, з праблемай 45 мінут. Часта маладым педагогам або не хапае 45 мінут урока, або, наадварот, яны заканчва­юць раней. У Яўгена Вітальевіча канкрэтна гэтай праблемы няма, затое час ад часу ўзнікаюць адчуванні правядзен­ня ўрока на адным дыханні або як у замаруджаным кіно. На такія адчуванні ўплываюць многія фактары: тэма ўрока, гатоўнасць класа, настрой і дзяцей, і педагога. Калі ўсё складваецца, то ўрок атрымліваецца вельмі прадукцыйным. Як адзначыў мой сураз­моў­нік, пасля такіх урокаў імпэт захоўваецца яшчэ на 2—3. 

Традыцыйная праблема па­чынаючых настаўнікаў — засваенне шкалы ацэньвання вучняў. За кожным балам замацаваны пэўныя ўменні і навыкі навучэнцаў, і на пачатку педагагічнай дзейнасці ў іх можна заблытацца. “Гэтыя ўменні прыйдуць з вопытам і дзякуючы больш вопытным калегам — Святлане Пятроўне Андрэевай, намеснікам дырэктара Настассі Аляксандраўне Біруковай, Вользе Валер’еўне Калевіч, якія дапамагаюць метадычнымі парадамі і педагагічнымі падказкамі. На трэцім годзе працы мне ўжо больш зразумела, як ацэнь­ваць дзяцей. Важна, каб яны разумелі, чаму іх ацэньваюць так, а не інакш”, — заўважыў малады педагог. 

“Нягледзячы на невялікі стаж, Яўген Вітальевіч мае даволі добры ўзровень падрыхтоўкі, умее ствараць умовы для творчых магчымасцей навучэнцаў, выкарыстоўвае на занятках сучасныя сродкі навучання, імправізуе, вельмі ініцыятыўны і эрудзіраваны”, — так характарызуюць маладога настаўніка калегі.

А паразуменне паміж настаўнікам і вучнямі магчыма пры наяўнасці зваротнай сувязі. Яе Яўген Вітальевіч атрымлівае падчас рэфлексіі на ўроку. У канцы кожнага ўрока ён про­сіць сваіх вучняў задаць пытанні, якія ў іх узніклі. Пытанні заўсёды сведчаць пра цікавасць, а гэта для педагога — сігнал. І такія сігналы маладому настаўніку паступаюць рэгулярна, што, зразумела, стымулюе яго рыхтаваць для вучняў яшчэ больш цікавы і пазнавальны матэрыял. 

Біялогія не залежыць ад на­двор’я, яна залежыць ад сезона, таму Яўген Вітальевіч часта праводзіць заняткі на вуліцы. Самыя цікавыя чакаюць яго вучняў вясной, калі можна будзе назі­раць абуджэнне прыроды. Цяпер на ўроках біялогіі малады педагог прымяняе сучасныя тэхналогіі навучання, шмат увагі ўдзя­ляе візуалізацыі (сам добра малюе, таму, напрыклад, будуе прыхожыя семантычныя схемы), імкнецца прытрымлівацца асобасна арыентаванага падыходу, працуе з адоранымі навучэнцамі. Зразумела, настаўнік імкнецца захапіць іх алімпіядным рухам. Зараз рыхтуе васьмікласнікаў.

Ён перакананы, што ў рабоце з таленавітымі вучнямі асоба педагога з’яўляецца ключавой. У свой час сам захапіўся біялогіяй дзякуючы сваёй настаўніцы Вользе Генадзьеўне Козіч. Менавіта Вольга Генадзьеўна некалі разгледзела ў Яўгена здольнасці да біялогіі і далучыла да даследчай дзейнасці, а затым і да алімпіяднага руху. У рабоце з вучнямі яна стала для Яўгена Вітальевіча прыкладам.

Думаецца, што ў яго ўсё атрымаецца. Прынамсі, за час нашай размовы Яўген Вітальевіч сапраўды ні разу не ўздыхнуў і ні разу не паскардзіўся на педагагічны быт — запаўненне папер, арганізацыю мерапрыемстваў. У планах — перамогі вучняў на алімпіядах, прафесійны рост (педагог ужо стаў пераможцам першага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”) і заняткі біялогіяй у лесе.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий