Жамыслаўльскія школьнікі адчулі смак роднай мовы  

- 17:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Жамыслаўльскім дзіцячым садзе – базавай школе Іўеўскага раёна прайшоў пад дэвізам “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”.

У Міжнародны дзень роднай мовы адбылося адкрыццё тэматычнага тыдня: прайшла агульнашкольная лінейка, аформлена прадметная насценная газета з цікавым і пазнавальным зместам, пачала дзейнічаць традыцыйная акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Вучні і настаўнікі на ўсіх перапынках размаўлялі на роднай мове. Усе жадаючыя маглі ў гэты дзень ацаніць як свой узровень валодання роднай мовай, так і ўзровень тых, з кім яны мелі зносіны. У Гродзенскім абласным дыктанце прынялі ўдзел вучні 8–9-х класаў, а таксама настаўнікі ўстановы адукацыі.

Другі дзень тыдня прайшоў вельмі цікава, запамінальна і ярка. Па-першае, адбыўся конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў і народных казках, у якім прынялі ўдзел вучні 1–7-х класаў. Па-другое, прайшоў конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. У гэты дзень найбольш актыўнымі былі Дар’я Юралевіч, Дар’я Андрушкевіч, Аліна Сасноўская. Дзяўчынкі падрыхтавалі ілюстрацыі да казак, апавяданняў і вершаў, якія абмяркоўваліся на ўроках. Цікавымі і змястоўнымі былі творчыя работы Вікторыі Крыванос і Аліны Кудзін.

Далей для вучняў пачатковых класаў прайшоў конкурс “Самы граматны вучань”, падчас якога юныя моваведы змаглі паказаць сваю эрудыцыю і знаходлівасць. Лепшай была Анжэліка Даўляшэвіч. Вучні 5–9-х класаў у гэты дзень прагледзелі шэраг відэаролікаў і прэзентацый пра пісьменнікаў-юбіляраў, з якіх даведаліся многа цікавага з жыцця Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі.

Для вучняў 1–9-х класаў прайшла музычная гадзіна “Сэрцам народжаны спеў…” Навучэнцы з захапленнем праслухалі песні на словы Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, Р.Барадуліна, А. Куляшова, А.Бачылы і многіх іншых. Асабліва цікава аказалася праслухаць і параўнаць адны і тыя ж песні ў выкананні розных артыстаў і ў рознай музычнай аранжыроўцы.

Навучэнцы 1–9-х класаў прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем класікаў разам”, падчас якой яны чыталі творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У выкананні Ільі Браніцкага, Уладзіслава Сасноўскага, Дар’і Юралевіч прагучалі ўрыўкі з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”. Вікторыя Крыванос прачытала верш Я.Купалы “Жняя”. Вучням хацелася не толькі прачытаць творы, але і прыняць удзел у іх абмеркаванні. У гэты дзень усе яшчэ раз упэўніліся, якая наша мова непаўторная і мілагучная, і слухаць творы класікаў беларускай літаратуры – сапраўднае задавальненне.

У шосты школьны дзень вучні наведалі літаратурную гасцёўню “Матуліна мова – родная мова”. Гучалі вершы П.Панчанкі “Родная мова”, А.Бачылы “Матчына мова”, У.Папковіча “Роднае слова”. Акрамя таго, удзельнікі гасцёўні з задавальненнем адгадвалі загадкі, тлумачылі фразеалагізмы. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі тыдня беларускай мовы і літаратуры, названы самыя актыўныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў.

Тыдзень закончыўся, а цікавасць да роднай мовы, памяць пра новыя адкрыцці, пазітыўныя эмоцыі і добры настрой ад удзелу ў мерапрыемствах, спадзяёмся, застануцца надоўга. І многія з упэўненасцю будуць гаварыць: “Беларуская мова – мая мова!”

 

Ганна ЖЫЖЫЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Жамыслаўльскага дзіцячага сада – базавай школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий