Сэлфі з любімай кнігай арганізавалі навучэнцы канюхоўскай школы 

- 18:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Бераставіцкага раёна правялі конкурс “Сэлфі з любімай кнігай” пад дэвізам “Чытай кнігі – будзь асобай!”.

Нягледзячы на тое, што сёння кожны носіць у сваёй кішэні частку сусветнай бібліятэкі, агульны ўзровень пісьменнасці, эрудыцыі і кругагляду дзяцей не павялічваецца. І тут мы зноў сутыкаемся з вечным пытаннем: “Што рабіць?” І гэта зусім не рытарычнае пытанне. Неабходна паказаць дзецям, што ад чытання можна атрымліваць задавальненне і станоўчыя эмоцыі. Папулярнасць фотааўтапартрэтаў (сэлфі), зробленых, як правіла, на тэлефон або планшэт, расце з кожным годам. “Сэлфіцца” сёння любяць усе. Асабліва велізарную папулярнасць сэлфі атрымала сярод моладзі. Улічваючы гэты факт, настаўнікі-філолагі нашай школы падчас правядзення тыдня рускай і беларускай славеснасці прапанавалі вучням падзяліцца сваімі літаратурнымі перавагамі і правялі конкурс “Сэлфі з любімай кнігай”, які прайшоў пад дэвізам “Чытай кнігі – будзь асобай!”.

Галоўная мэта акцыі – яшчэ раз прыцягнуць увагу дзяцей да кнігі і чытання, даць ім магчымасць праявіць свой талент фотамастака, стымуляваць іх творчую актыўнасць. Усё, што патрэбна было для ўдзелу – гэта сэлфі са сваёй любімай кнігай у руках незалежна ад года напісання, выдання і месца. Па ўмовах мерапрыемства, удзельнікі павінны былі зрабіць сэлфі, а затым фотапартрэт трэба было выкласці ў сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам. Чытачы не толькі фатаграфаваліся, а яшчэ цікава і шчыра распавядалі пра любімыя кнігі.

Праведзеная акцыя – гэта сучасны спосаб выяўлення літаратурных густаў нашых чытачоў. Безумоўна, чытацкія перавагі нашых юных удзельнікаў самыя разнастайныя – ад класікі да мадэрна, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – любоў да чытання. Фотавобразы атрымаліся рознымі: вясёлыя, гарэзлівыя, сур’ёзныя, удумлівыя – яны так адрозніваюцца ад бэссэнсоўнага крыўляння, якімі поўніцца Інстаграм. Сэлфі ацэньваліся шляхам галасавання нашых чытачоў. Пры галасаванні вучні разглядалі не толькі фота ўдзельнікаў, а самае галоўнае – звярталі ўвагу на кнігі, якія былі прадстаўлены. Выдатным вынікам конкурсу стала тое, што іх зацікавілі кнігі, якія раяць прачытаць удзельнікі конкурсу.

Мастацтва быць чытачом – шматграннае мастацтва. Гэтым майстэрствам можна авалодваць усё жыццё. Нам вельмі хочацца, каб нашы ўдзельнікі былі і заставаліся добрымі чытачамі. І не важна, колькі кніг прачытана. Важна, каб гэта занятак быў рэгулярным і прыносіў задавальненне.

 

Марыя КОЎШЫК,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий