Экаваланцёры падрыхтавалі падарожжа для навадворскіх пяцікласнікаў  

- 15:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” да Сусветнага дня водных рэсурсаў члены атрада “ЭКА-Двор” правялі для вучняў 5-га класа Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна выхаваўчае мерапрыемства “Блакітныя стужкі Беларусі”.

Падчас займальнага падарожжа школьнікам было прапанавана ўзгадаць, як мы называем нашу Радзіму і растлумачыць, чаму яе так называюць. Члены атрада “ЭКА-Двор” разам з пяцікласнікамі разгледзелі геаграфічную карту Беларусі, знайшлі самае вялікае возера, назвалі і паказалі рэкі Гродзенскай вобласці.

Экаваланцёры падрыхтавалі для дзяўчынак і хлопчыкаў красворд, пазнавальныя і займальныя гульні: “Азёры Беларусі”, “Рэкі Беларусі”, “Збяры слоўца”, “Жывёлы і расліны вадаёмаў”, якія садзейнічалі пашырэнню ведаў пра водныя багацці Рэспублікі Беларусь. Дзеці даведаліся, якія азёры самыя вялікія, чыстыя і прыгожыя, ад назваў якіх рэк узніклі назвы гарадоў Пінск і Віцебск, на якіх рэках стаяць гарады Магілёў і Мінск.

На прыпынку “Малая радзіма” дзецям было прапанавана расказаць пра гісторыю ўзнікнення ракі Мядзянка і навадворскага возера, пра жывёльны і раслінны свет вадаёмаў малой радзімы.

Члены атрада “ЭКА-Двор” пазнаёмілі вучняў з правіламі паводзін на вадаёмах і ўручылі памятку кожнаму пяцікласніку. У канцы мерапрыемства ўдзельнікі паглядзелі відэаролік “Браслаўскія азёры”.

Мерапрыемства садзейнічала выхаванню любові да роднага краю, фарміраванню ў дзяцей беражлівых адносін да аб’ектаў прыроды.

 

Таццяна САЎКО,
класны кіраўнік 5-га класа
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий