Незвычайныя матэматычныя задачы рашалі ўселюбскія школьнікі  

- 11:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ужо стала добрай традыцыяй ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна правядзенне ў канцы трэцяй чвэрці тыдня матэматыкі.

Тыдзень матэматыкі – гэта не толькі шэраг мерапрыемстваў, падчас якіх з’яўляецца дадатковая магчымасць для супрацоўніцтва і зносін з вучнямі; заняткаў, не звязаных рамкамі праграмы і не абмежаваных часам, але і знаёмства з другой матэматыкай: больш цікавай і жывой. Матэрыял для мерапрыемстваў носіць займальны і гістарычны характар. Калі ўмела спланаваць прадметны тыдзень, падрыхтаваць і правесці мерапрыемствы на належным узроўні, можна быць упэўненым, што хто-небудзь з вучняў паглядзіць на матэматыку іншымі вачыма.

Інфармацыя пра правядзенне тыдня была размешчана на сайце школы загадзя, таму вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з планам правядзення тыдня і выбраць тыя мерапрыемствы, якія іх больш зацікавілі.

У першы дзень тыдня была праведзена ўрачыстая лінейка “Парад складаемых прыгажосці матэматыкі”, на якой вучні атрымалі творчыя заданні, даведаліся шмат новага пра свята ліку π і сам лік. Вучні 5-га класа прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Падарожжа ў краіну Матэматыка”. Ім спатрэбілася праявіць крэатыўныя здольнасці, каб намаляваць фігурамі, лічбамі і знакамі дзеянняў малюнак.

Дасканала вывучалі сістэму каардынат і малявалі па каардынатах вучні 6-га класа. Конкурс “Раз квадрацік, два квадрацік…” паказаў, што вучні не толькі правільна выканалі заданні, але і змаглі саставіць свае ўласныя. Яны праявілі і веды, і фантазію. Дэвіз дня “Фантазіруйце! Рысуйце! Вучыце матэматыку!” натхніў будучых маракоў, астраномаў, канструктараў на самыя неверагодныя ідэі.

Дэвізам трэцяга дня тыдня матэматыкі былі словы Н.І.Лабачэўскага “Матэматыка – гэта мова, на якой размаўляюць усе дакладныя навукі”. У рамках гэтага дня з вучнямі 7-га класа праводзілася гульня “Матэматычная рулетка”. Гульня праходзіла ў шэсць этапаў: “Размінка”, “Аўкцыён”, “Замарочкі з бочкі”, “Рулетка”, “Таямніцы матэматыкі”, “Гонка за лідэрам”. Вучні паказалі сваю кемлівасць, знаходлівасць. На працягу гульні яны адкрылі для сябе шмат цікавых фактаў. Барацьба за матэматычнай рулеткай была сур’ёзная, пераможцы пастаянна мяняліся.

Юныя матэматыкі прынялі ўдзел у міжнародным матэматычным конкурсе “Кенгуру”. Гульня-конкурс “Кенгуру” праводзіцца з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння матэматыкі. У адрозненне ад алімпіяд удзельнікамі конкурсу могуць быць усе жадаючыя вучні. Конкурс не прадугледжвае папярэдняга адбору і наступнага адсеву ўдзельнікаў, у ім няма прайграўшых. Незалежна ад выніку кожны ўдзельнік атрымлівае прыз “для ўсіх”. Таму вучні з задавальненнем удзельнічаюць у гульні. Не стаў выключэннем і гэты год.

Самым творчым стаў апошні дзень тыдня. Ён прайшоў пад дэвізам “Рана ці позна ўсякая правільная матэматычная ідэя знаходзіць прымяненне ў той ці іншай справе”. Вучні 5–7-х класаў прынялі ўдзел у школьным этапе алімпіяды па матэматыцы. Самыя кемлівыя праявілі свае здольнасці ў рашэнні задач.

Заключным акордам тыдня матэматыкі стала пасяджэнне клуба знаўцаў матэматыкі. Удзельнікам гульні “Праз церні да зорак” давялося паглядзець на звычайныя рэчы іншымі вачыма. Яны наведалі ўрокі літаратуры, рускай і замежнай моў, музыкі і гісторыі. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся шмат новых гістарычных фактаў пра матэматыку і матэматыкаў. Пераканаліся, што матэматыка патрабуе фантазіі, творчай смеласці, зоркасці ў назіранні розных з’яў жыцця. У гульні прымалі ўдзел дзве каманды – “Юныя матэматыкі” і “Матэматычныя зоркі” з вучняў 9–11-х класаў. Перамогу атрымалі “Юныя матэматыкі”. Перапынкі паміж урокамі былі запоўнены інсцэніроўкамі і песнямі пра матэматыку.

Праграма тыдня ўвабрала розныя формы і метады арганізацыі пазакласнай дзейнасці, удала спалучаліся індывідуальныя і калектыўныя формы работы. Для правядзення мерапрыемстваў былі выкарыстаны інтэрактыўныя камп’ютарныя тэхналогіі. Больш эмацыянальна праходзілі мерапрыемствы ў 5–7-х класах. Вучні з задавальненнем прымалі ўдзел у гульнях, не баяліся апынуцца ў ролі прайграўшых. Яны з цікавасцю ўспрымалі новую інфармацыю, задавалі звязаныя з ёй пытанні, што выклікала цікавасць да мерапрыемства не толькі ва ўдзельнікаў, але і ў саміх арганізатараў. Старшакласнікі больш скаваныя ў гэтых адносінах. Але радуе тое, што дзяцей, якія ўмеюць або імкнуцца рашаць займальныя задачы, адгадваць рэбусы і крыжаванкі, не становіцца менш. Наадварот, найбольшую цікавасць да матэматыкі ў пазаўрочны час праяўляюць не выдатнікі, а вучні, якія маюць адзнакі значна ніжэй.

Правядзенне тыдня матэматыкі якраз дае выдатную магчымасць паказаць вучням усё хараство, важнасць і неабходнасць гэтага прадмета для чалавека ў паўсядзённым жыцці.

Шматгадовы вопыт правядзення пазакласнай работы па матэматыцы паказвае, што яна карысная не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў. Пазакласная работа дазваляе настаўніку лепш пазнаць сваіх вучняў, развівае яго арганізатарскія здольнасці, прымушае быць у курсе апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі, творча працаваць над сабой. Вучням правядзенне прадметнага тыдня дазваляе павысіць матывацыю праз актывізацыю пазнавальнай цікавасці да прадмета, павышае ўзровень самастойнасці ў набыцці і творчым прымяненні ведаў.

 

Ірына РАДЗЮК,
настаўнік матэматыкі
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий