Ханявіцкія навучэнцы пабывалі ў горадзе над Шчарай

- 18:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Канікулы з карысцю!” – пад такім дэвізам прайшоў адзін дзень вясновых канікул для навучэнцаў Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна. Школьнікі здзейснілі падарожжа ў цудоўны горад над Шчарай – Слонім.

Падчас экскурсіі дзеці наведалі Слонімскі драматычны тэатр, дзе ўвазе гледачоў быў прапанаваны спектакль “Як павука з луга праганялі”. Затым адправіліся на экскурсію ў музей “Ваенная хроніка Слонімшчыны” сярэдняй школы № 5. Экскурсаводы займальна расказалі пра экспанаты. Дзеці, затаіўшы дыханне, слухалі, як жылі людзі ў ваенныя гады, як гераічна змагаліся за мірнае неба над сваёй краінай.

Наступным прыпынкам быў Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.І.Стаброўскага. Экспазіцыя музея размешчана ў дзевяці залах. Яна прадстаўлена аддзеламі прыроды і гісторыі. У аддзеле прыроды навучэнцы пазнаёміліся з фізіка-геаграфічнай характарыстыкай краю, карыснымі выкапнямі, убачылі рэшткі жывёл ледавіковага перыяду, сучасны жывёльны і раслінны свет раёна. У аддзеле гісторыі дзеці ўбачылі найбольш цікавыя прадметы археалагічных раскопак, матэрыялы па гісторыі войнаў.

Яшчэ ў гэты дзень навучэнцы наведалі Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў − велічны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Яго нярэдка называюць Беларускім Версалем, таму што будынак падобны на гэты знакаміты на ўвесь свет французскі палац. Экскурсія падышла да завяршэння, але дзеці яшчэ і яшчэ задавалі пытанні, рабілі шмат фатаграфій. Калі вярталіся дадому, бурна абмяркоўвалі ўбачанае.

Хочацца спадзявацца, што школьныя экскурсіі па славутых мясцінах нашай краіны, наведванне разнастайных музеяў – гэта выдатны спосаб даведацца шмат цікавага пра сваю радзіму, каб з пачуццём упэўненасці гаварыць пра свой родны край: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”.

 

Тамара ТАРАНОВІЧ,
класны кіраўнік 1-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий