Вучні 5 “А” класа сярэдняй школы № 3 Ганцавічаў накіраваліся ў Дом рамёстваў, дзейнасць якога скіравана на захаванне, падтрымку і папулярызацыю традыцыйнага народнага мастацтва.
Школьнікі пазнаёміліся з багатай калекцыяй традыцыйных ручнікоў і прадметаў мясцовых строяў – колькасць тканых і вышытых ручнікоў дасягае паўсотні адзінак, – пазнаёміліся з калекцыяй жаночых кашуль, найбольш каштоўнай ва ўстанове.
Дырэктар музея А.В.Занька правяла цікавую экскурсію, распавяла пра прафесіяналаў сваёй справы – майстра па мастацкім роспісе Вольгу Івановіч, народнага майстра-ганчара Віталія Шапялевіча, пра ткачых Ніну Казак і Ульяну Віннік.
У Доме рамёстваў працуе гурток “Рукатвор”, які наведваюць дзеці рознага ўзросту. Сярод іх і вучаніца класа Анастасія Загаруйка. Як паведаміла дзяўчынка, на занятках яны робяць традыцыйны роспіс па дрэве і шкле: размалёўваюць розныя куфэркі, рамкі пад фота, імкнуцца ўпрыгожыць інтэр’ер так, як у свой час рабілі прабабкі. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць прыёмы і тэхніку, распрацаваную майстрамі ў мінулым стагоддзі. Яна з задавальненнем і стараннасцю асвойвае гэта рамяство, якое выклікае ў яе сапраўдную цікавасць.
Юныя наведвальнікі атрымалі сапраўдную асалоду ад знаёмства з экспазіцыямі Дома рамёстваў і яго дзейнасцю. Пяцікласнікі паўдзельнічалі ў вырабе сувеніра “Ізбійскі бор”, паспрабавалі сябе за ткацкім станком і прайшлі майстар-клас ад ткачыхі Алены Цялушка. Падчас занятку вучні адчулі на сабе складанасць і карпатлівасць ткацкай справы, якая некалі была для продкаў самай звычайнай.
Вольга ХРАЛОВІЧ,
класны кіраўнік 5 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ганцавічаў