У пачатку красавіка выхаванцы прышкольнага лагера “Планета Дабра” Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Для дзяцей была праведзена вельмі цікавая і пазнавальная экскурсія па залах з рознымі экспазіцыямі. У даступнай форме экскурсавод расказаў пра гісторыю і культуру Навагрудчыны. Дзеці з задавальненнем слухалі, з цікаўнасцю разглядалі экспанаты.
Шмат новага яны пачулі пра гісторыю ўзнікнення горада Навагрудка, убачылі матэрыялы археалагічных раскопак на Замкавай гары, даведаліся пра развіццё і ўмацаванне пасялення на Замкавай гары. Дзеці пачулі пра тое, як будаваліся каменныя вежы Навагрудскага замка.
У зале этнаграфіі ўбачылі інтэр’ер сялянскай хаты, вялікую колькасць этнічнага нацыянальнага адзення, габеленаў, упрыгожанняў, прадметаў побыту, інструментаў, пры дапамозе якіх пралі, ткалі, будавалі дамы і храмы. Убачылі вышытыя ручнікі і кашулі, плеценыя кошыкі, гліняныя збаны, галаўныя ўборы. Экскурсавод падрабязна расказаў пра заняткі сялян – земляробства, рамяство, пашыў адзення, ткацтва.
У апошніх залах музея выхаванцы лагера даведаліся пра трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: “Навагрудскі кацёл” пачатку вайны, акупацыйны рэжым, амаль поўнае знішчэнне Навагрудскай яўрэйскай абшчыны, вываз насельніцтва, расстрэл і іншыя падзеі.
У дзяцей засталося шмат уражанняў ад наведвання музея.
Людміла ВАЗВЫШАЕВА,
дырэктар прышкольнага аздараўленчага лагера “Планета Дабра”
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна