У яслях-садзе гарадскога пасёлка Радунь Воранаўскага раёна штотыдзень праводзіцца дзень беларускага маўлення.
У працэсе сумеснай дзейнасці з выхаванцамі вырашаюцца задачы фарміравання ўстойлівага інтарэсу да роднай мовы, выхавання нацыянальнага светапогляду, развіцця элементарных навыкаў зносін на роднай мове. Мы імкнёмся зрабіць гэты дзень незабыўным для дзяцей, выкарыстоўваючы разнастайныя формы і метады ўзаемадзеяння.
Чарговы дзень роднай мовы пачаўся з ранішняй гутаркі «Край, дзе я нарадзіўся». Мы расказалі дзецям пра гісторыю роднага пасёлка. Затым дашкольнікі прынялі ўдзел у літаратурнай забаве «Вясновае падарожжа». На прыпынку «Загадкавая» усіх сустракаў хлопчык Іванка са сваімі беларускімі загадкамі. На станцыі «Лясная» дзеці слухалі вершы Якуба Коласа “Прылёт птушак” і Л.Дайнекі “У вясновым лесе”. На станцыі «Гульнёвая» мы ўдзельнічалі ў беларускай народнай гульні «Ручаёк». Пасля літаратурнай забавы выхаванцы малявалі птушак роднага краю.
Пры арганізацыі беларускамоўнага дня заўсёды звяртаем увагу на спецыфіку навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове; агульныя напрамкі далучэння выхаванцаў да роднай мовы; моўнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту ў рамках двухмоўя.
Вельмі важна навучыць сённяшніх дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, а таксама бегла на ёй размаўляць. Хоць наша ўстанова дашкольнай адукацыі з’яўляецца рускамоўнай, мы шмат увагi надаем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей.
Аксана РУСЯЛЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада г.п.Радунь
Воранаўскага раёна