На Маларытчыне падвялі вынікі ХІІІ раённага конкурсу даследчых работ сярод вучняў пачатковых класаў “Я – даследчык”.
Абарона работ праводзілася ў анлайн-фармаце. На суд журы былі прадстаўлены 22 работы з 17 устаноў адукацыі.
На гэты раз юныя навукоўцы даследавалі ролю кнігі ў жыцці дзяцей, што неабходна для таго, каб захаваць здаровымі зубы, адказвалі на пытанні “Як выжыць у лесе”, “Ці варта есці “Доктарскую” каўбасу?”, “Хто такія земнаводныя?”, расказвалі пра генеалагічнае дрэва сям’і, прафесію сваёй мары, ролю сну ў жыцці вучня пачатковых класаў, новае жыццё накрывак з-пад дзіцячага харчавання, тлумачылі, што такое фааміран і цацка-антыстрэс, якая карысць чаю для чалавека…
Дыплом І ступені атрымаў Арцём Карабцоў з Маларыцкай раённай гімназіі, які пад кіраўніцтвам настаўніцы Святланы Краўцовай падрыхтаваў работу “Гуляючы, я лічу”, дыплом ІІ ступені – Дзмітрый Пацук з Маларыцкай раённай гімназіі (“Незвычайныя расліны сярод звычайных”, настаўнікі Валянціна Галюк і Вячаслаў Пацук), дыплом ІІІ ступені – Арсеній Касцевіч з сярэдняй школы № 1 Маларыты (“Сфагнум: звычайны мох з незвычайнымі ўласцівасцямі” (настаўнік Святлана Аксянюк).
– Наша даследаванне прысвечана гісторыі ўзнікнення ментальнай арыфметыкі, яе сутнасці, карысці і папулярнасці, – гаворыць Святлана Краўцова. ‒ Мы паспрабавалі абгрунтаваць, што ментальная арыфметыка – гэта не толькі цікавы занятак, але і эфектыўны трэнажор для разумовага развіцця чалавека. Яна дапамагае павялічыць хуткасць мыслення, павышае засяроджанасць, развівае логіку і памяць. Вынік заняткаў ментальнай арыфметыкай – захаванне ўвагі пры адначасовым выкананні некалькіх дзеянняў, здольнасць хутка выконваць у галаве арыфметычныя дзеянні з мнагазначнымі лічбамі без выкарыстання калькулятара.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара