Цікава і з карысцю правялі тыдзень біялогіі нацкія школьнікі  

- 17:28ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Тыдзень, прысвечаны біялогіі, праведзены ў Нацкіх яслях-садзе – сярэдняй школе Воранаўскага раёна. 

Праграма прадметнага тыдня была спланавана так, што разнастайнымі мерапрыемствамі былі ахоплены ўсе навучэнцы з 6-га па 11-ы клас. Кожны дзень меў сваю тэматыку. Так, панядзелак прайшоў пад назвай “Дзень генетыкі”. Навучэнцы 11-га класа з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні “Знаўцы генетыкі”. Яшчэ раз школьнікі ўпэўніліся ў тым, што гэта навука дапамагае зразумець уласнае здароўе. Хлопцы і дзяўчаты праверылі свае веды і замацавалі ўменне рашаць задачы.

Другі дзень тыдня біялогіі – дзень птушак. У ходзе экалагічнай віктарыны “Птушкі Беларусі” навучэнцы 8-га класа размяркоўвалі птушак па экалагічных групах, разгадвалі крыжаванку, пазнавалі птушак па голасе, па апісанні. Удзел у віктарыне патрабаваў эрудыцыі. Школьнікі пазнаёміліся з птушкамі, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Віктарына садзейнічала фарміраванню цікавасці, выхаванню беражлівых адносін да прыроды роднага краю.

Насычана прайшоў трэці дзень – дзень раслін. Догляд за хатнімі раслінамі, міні-агародам на падаконніку, выкананне тэста анлайн, гульня-віктарына “Аматары прыроды” у 6-м класе – усё гэта садзейнічала пашырэнню ведаў пра расліны. Удзельнікі яшчэ раз упэўніліся ў неацэннай ролі прыроды ў жыцці людзей і ўсёй планеты.

Пазакласнае мерапрыемства ў выглядзе інтэрактыўнага практыкавання “Ці ведаеш ты анатомію?” было праведзена ў чацвёрты дзень – дзень анатоміі. Навучэнцы 9-га класа з задавальненнем выканалі прапанаванае практыкаванне ў сэрвісе Web 2.0 LearningApps.org, праверылі і замацавалі веды па вывучаных тэмах.

Фінальным мерапрыемствам стала экалагічная гадзіна “Здароўе планеты ў нашых руках”, прысвечаная Міжнароднаму дню Маці-Зямлі. Кожны ўдзельнік змог падумаць і адказаць на пытанне: “Што я магу зрабіць дзеля сваёй планеты?” А адказы былі наступныя: ажыццяўляць раздзельны збор адходаў, паменшыць выкарыстанне поліэтыленавых пакетаў і замяніць іх на крафт-паперу, здаваць батарэйкі і іншыя шкодныя адходы на перапрацоўку. Школьнікі актыўна абмяркоўвалі пытанні беражлівых адносін да прыроды. У гэты дзень атрымалася паглыбіць веды навучэнцаў па пытаннях экалогіі, заклікаць да неадкладных практычных дзеянняў у інтарэсах захавання жыцця, а значыць, садзейнічаць гармоніі чалавека з прыродай і планетай Зямля.

На лінейцы, прысвечанай закрыццю тыдня, былі падведзены вынікі, адзначаны граматамі самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў.

 

Ганна ЖЭГЗДРЫНЬ,
настаўнік біялогіі
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий