Надзвычай цікавай і пазнавальнай была для вучняў Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна экскурсія ў Мінск, якая адбылася ў шосты школьны дзень.
Першым нашым часовым прыпынкам стаў цэнтр акіянаграфіі – унікальны ў Беларусі музей падводнага флоту і маленькая лабараторыя жывой прыроды. А вы ведалі, што цяпер афіцыйна на планеце Зямля пяць акіянаў? Краіны – члены Міжнароднай гідраграфічнай арганізацыі ў 2000 годзе прынялі рашэнне аб выдзяленні пятага акіяна – Паўднёвага – і з таго часу гэта назва з’яўляецца на картах свету.
Каго лечыць рыба-хірург? Як людзі з дапамогай геннай інжынерыі афарбоўваюць рыб у розныя колеры, і адкуль узялася залатая рыбка? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні вучні атрымалі менавіта тут. Хлопчыкі і дзяўчынкі на свае вочы ўбачылі мадэлі субмарын і караблёў, прыборы маракоў-падводнікаў і нават патрымалі іх у руках. А што за дзівосны свет падводны! Піранні, кашачая акула, чарапахі, рыбкі-клоуны, рыба-хірург, крэветкі і многія іншыя жыхары падводнага свету захапілі ў палон нашы сэрцы.
Музей Lego “Las-Legas” стаў наступным пунктам наведвання. На сённяшні дзень няма ніводнай сям’і, дзе б не было хаця б аднаго набору Lego. Канструктары заваявалі сэрцы не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак, і нават дарослых. У 2021 годзе калекцыя, якую мы ўбачылі, была занесена ў Кнігу Рэкордаў Гінэса як самая вялікая прыватная калекцыя ў свеце. На плошчы ў 450 кв. м размешчана шмат эксклюзіўных і рэдкіх экзэмпляраў Lego ад рэтра да сучасных. Неверагодная атмасфера музея заварожвае разнастайнасцю прадстаўленых экспанатаў. Тэматычныя залы, прысвечаныя Гары Потэру, Зорным войнам, Майнкрафту, машынам рэтра, цэлым гарадам, у якіх ідзе сваё жыццё, перанеслі нас у свет цацак. Дарослыя на некаторы час сталі дзецьмі, а дзеці ўяўлялі сябе героямі тэматычных кампазіцый. Lego – гэта не проста цацка, а цэлы свет, у які, маючы фантазію, можна паглыбіцца на цэлы дзень.
Не выказаць словамі, якія задаволеныя былі школьнікі пасля такой цудоўнай экскурсіі!
Юлія ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўнік англійскай мовы,
класны кіраўнік 5-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна