Што рабіць, каб быць здаровым? Да каго звярнуцца за дапамогай у выпадку нечаканай хваробы? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, у другой малодшай групе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка быў праведзены тыдзень пад назвай «Здароўе. Праца доктара».
Каб больш дакладна сфарміраваць у дзяцей уяўленні пра здароўе, прафесію медыцынскіх работнікаў, у групе было створана развіваючае асяроддзе, пазнавальныя і дыдактычныя гульні «Лялька захварэла», «Крама карысных прадуктаў», «Добра – дрэнна», «Доктар спяшаецца на дапамогу», лато «Прафесіі», «Каму што патрэбна», «Кім быць», альбомы «Назаві прафесію», «Усе прафесіі патрэбны», разразныя карцінкі, размалёўкі, сюжэтна-ролевая гульня «Бальніца». Быў праведзены цыкл гутарак на тэму «Здароўе – хвароба», «Калі хочаш быць здаровым». Выхаванцы чыталі верш К.Чукоўскага «Мыйдадзір», верш А.Кардашовай «Наш доктар», В.Берастава «Хворая лялька», разглядалі ілюстрацыі, паказвалі пантамімы «Лялька захварэла», «Як мяне лячылі, калі я захварэў».
Свае ўражанні дзеці адлюстроўвалі ў малюнках, вырабах «Вітаміны для лялек», «Карысная агародніна і садавіна», «Вітаміны на галінцы», «Зялёная аптэка». А каб гэтыя ўяўленні і ўражанні сталі больш яскравымі і дакладнымі, з выхаванцамі была праведзена экскурсія ў медыцынскі кабінет, дзе дзеці пазнаёміліся з прафесіяй медсястры, яе прафесійнымі абавязкамі, пабачылі медыцынскія інструменты і абсталяванне.
Падчас экскурсіі дзеці навучыліся вызначаць прызначэнне інструментаў, сустрэліся з медыцынскай сястрой дашкольнай установы, якая расказала, што трэба ведаць, каб зберагчы здароўе, дала парады пра першапачатковыя навыкі аховы жыцця і здароўя. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, што спрыяла добраму эмацыянальнаму ўспрыманню інфармацыі.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка