Школьны лагер працы і адпачынку “Ветразь”, улічваючы ўзрост дзяцей, гарантуе бяспечную працу для непаўналетніх і прапануе не такі ўжо і вялікі, але годны заробак.
Сапраўды, сустрэцца з сябрамі, пагутарыць, разам папрацаваць – больш цікава, чым застыць на ўвесь дзень перад маніторам камп’ютара.
Вучні 8–10 класаў працуюць пры школе, а экалагічную адукацыю атрымліваюць дзякуючы Воранаўскаму лясніцтву. З ім наша ўстанова адукацыі падтрымлівае сувязі і падчас навучальнага года. Аляксандр Ігнацьевіч Мацкевіч, памочнік ляснічага Воранаўскага лясгаса, са свайго шчыльнага працоўнага графіка выбірае час для таго, каб правесці экалагічныя ўрокі ў пачатковай школе, пасадзіць са старшакласнікамі на прышкольнай тэрыторыі саджанцы з гадавальніка. Дзеці вельмі рады незвычайным урокам, бо столькі, колькі ляснік ведае пра лес, не ведае ніхто. Ён падкажа, на якую глыбіню неабходна саджаць маленькае дрэўца і як павінны размяшчацца карані, колькі вады трэба для паліву. Дзеці любяць задаваць шмат пытанняў, а Аляксандр Ігнацьевіч цікава распавядае і каменціруе.
Да пытання летняй занятасці дзяцей кіраўніцтва Віцебскага лясгаса падыходзіць вельмі адказна. Навучэнцам прапануюцца толькі тыя віды работ, якія не шкодзяць здароўю дзяцей. Напрыклад, нарыхтоўка з бярозы венікаў для лазні. На прышкольным участку дзеці стрыгуць кусты, зялёную загарадзь з хмызняковых парод, займаюцца праполкай, рамантуюць мэблю. Важная задача, якая ставіцца перад лагерам працы і адпачынку, – забяспечыць не толькі неабходныя ўмовы для размяшчэння і харчавання школьнікаў, але і годную аплату працы.
Працоўная змена закончылася. Ва ўсіх засталіся прыемныя ўспаміны: выхаванцы атрымалі заробак, а настаўнікі – маральнае задавальненне за магчымасць вучыць дзяцей. Такі адпачынак карысны для ўсіх.
Галіна МАРОЗ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 34 Віцебска