У рамках рэалізацыі праекта “Ад вызвалення да Перамогі” было вырашана, што ўсе вучні Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна павінны наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Таму падарожнікі адправіліся на экскурсію ў сталіцу нашай Беларусі.
Першым прыпынкам падарожжа быў музей Вялікай Айчыннай вайны. У суправаджэнні экскурсавода вучні пазнаёміліся з цікавымі экспазіцыямі музея, атрымалі шмат карыснай інфармацыі пра подзвігі нашых суайчыннікаў у час вайны, пачулі рэальныя гісторыі з жыцця і барацьбы беларускага народа.
Дзяцей зацікавілі арыгіналы баявой тэхнікі, макеты партызанскіх зямлянак, бліндажоў, акопаў. Самым цікавым сталі інтэрактыўныя экраны, выкарыстоўваючы якія, дзеці маглі самі прагартаць старонкі, як у звычайнай кнізе.
А завяршыўся экскурсійны маршрут Залай Перамогі, дзе зрабілі фотаздымак на памяць.
Далейшае падарожжа юных турыстаў адбылося на мемарыял “Востраў Слёз”, які створаны ў гонар нашых беларускіх салдат, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Там знайшлі і прозвішча нашага земляка Дзмітрыя Лазовіка. Яго імя носіць піянерская дружына Дварэцкай школы.
Экскурсія надоўга застанецца ў памяці дзяцей. У Год гістарычнай памяці гэта напамін усім, каб з удзячнасцю і павагай адносіліся да тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў для нас сённяшняе шчаслівае і мірнае жыццё. Ведаць і помніць мінулае, каб будаваць мірнае будучае!
Ірына ЛЯЎШУК,
класны кіраўнік 8-га класа
Дварэцкай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна