Больш за трыццаць гадоў у гімназіі Смаргоні дзейнічае народны гісторыка-краязнаўчы музей “Гісторыя. Падзеі. Людзі”.
Помніць – гэта значыць, быць адказным перад сабой, перад сваімі роднымі і блізкімі, перад грамадствам. Памяць пра гісторыю свайго краю, сваёй сям’і, сваіх землякоў – гэта тая крыніца, якая робіць нас высакароднымі, неабыякавымі да жыцця, багатымі. І мы багатыя, бо помнім!
На долю Смаргонскай зямлі выпала шмат выпрабаванняў, і Смаргоншчына беражліва шануе і ахоўвае сваю нацыянальную спадчыну.
З гонарам магу сказаць, што і ў нашай гімназіі жыве Памяць. Скарбніца яе – у краязнаўчым музеі.
Запавольваюцца крокі і сціхаюць галасы перад дзвярыма музея. Заўсёды адчыненыя дзверы і таямнічасць спакушаюць зайсці туды. Калі пераступаеш парог, адразу трапляеш у этнаграфічны куток “Народны побыт Смаргоншчыны”. Так і хочацца пагрэцца ля вясковай печы, здаецца, сапраўды адчуваеш яе гарачы дух і пах печанага хлеба. На паліцах пыхліва размясціліся гаршчкі, цабэркі, маслабойкі… Уздоўж сцяны – лаўкі, засланыя тканымі налаўнікамі, перад лаўкамі – стол. На покуце – абразы, упрыгожаныя ручнікамі. Цёпла і ўтульна!
Другая зала прадстаўлена наступнымі экспазіцыямі:
- “Археолага-этнаграфічныя помнікі Смаргоншчыны”;
- “Смаргонскія землі ў ХІІІ–ХVIII ст.”;
- “Смаргонь і яе ўладары”;
- “Смаргоншчына – арэна ваенных дзеянняў. Смаргонскія землі ў складзе Расійскай імперыі”;
- “У Полымі Першай сусветнай”;
- “Смаргоншчына ў 20–40-я гады ХХ ст.”;
- “Вялікая Айчынная вайна”;
- “Жыццё, якое абарвала куля (А.С.Іваноў)”;
- “Смаргоншчына ў 40–80-я гады ХХ ст.”;
- “Плыві, квітней і велічна свяціся на хвалях часу, родная Смаргонь”;
- “Сваім талентам праславілі наш край”;
- “Афганістан баліць у маёй душы”;
- “І закрынічыла тут жыццё” (гісторыя школы).
Хіба не багацце? Не проста і не адразу ўсё ўзнікла. Адкрыццю музея папярэднічае вялікая праца па зборы матэрыялу. Варта ўспомніць і падзякаваць тым, хто ствараў гэты “храм Памяці”.
“Музей – гэта крыніца духоўнасці народа, у музеі жыве гісторыя”, – любіў паўтараць Барыс Міхайлавіч Хіневіч, адзін з заснавальнікаў краязнаўства ў гімназіі, яе першы дырэктар, гісторык.
8 мая 1988 года адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея “Гісторыя. Падзеі. Людзі”. Пятнаццаць год узначальвала яго Таісія Канстанцінаўна Муская, якая лічыла, што краязнаўства з’яўляецца важнейшым сродкам фарміравання нацыянальнай самасвядомасці дзяцей, абуджэння гістарычнай памяці, выхавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў. Беражліва перадала яна кіраўніцтва Рогач Ларысе Мікалаеўне (2003 г.), якая, як добрая фея, апякала кожны экспанат, папаўняла музей новымі здабыткамі. А ў 2013 годзе да яе далучылася Ядвіга Баляславаўна Красоўская. Чалавек, які бязмежна любіць сваю працу, заўсёды ў пошуку, заўсёды дапаможа і падтрымае. У верасні 2019 г., калі Ларыса Мікалаеўна пайшла на заслужаны адпачынак, кіраўнікамі музея сталі Ядвіга Баляславаўна Красоўская і Таццяна Яўгеньеўна Рогач – добры выхавальнік, сапраўдны патрыёт. Гэта зладжаная каманда, неабыякавая да гісторыі, традыцый нашага народа, ператварыла музей у цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў музея, усяго калектыву гімназіі, бацькам, выпускнікам, вучням, фонды музея штогод папаўняюцца. Сёння ў музеі ўсяго 6709 экспанатаў.
Музей уключаны ў адукацыйны і выхаваўчы працэсы праз розныя кірункі і формы работы: краязнаўчыя паходы і экскурсіі, аглядныя і тэматычныя экскурсіі ў музеі, выставы, музейныя ўрокі, удзел у конкурсах, віктарынах, акцыях, сеткавых праектах і квестах, пошукава-даследчай дзейнасці, шэфскай рабоце.
За гады сваёй дзейнасці музей быў адзначаны рознымі ўзнагародамі. Атрымаў статус народнага ў 1997 годзе. Але самае каштоўнае – неабыякавасць маладога пакалення да нашай гістарычнай памяці.
Жыццё працягваецца, яно тчэ гісторыю нашага часу. Спадзяюся, што наш музей пабагацее на добрыя і шчаслівыя падзеі, новыя імёны і годныя справы нашых землякоў.
Лілія БУКЛІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі Смаргоні