Леанід САМАЙЛОВІЧ: “Настаўнік павінен працаваць разам з вучнямі!”  

- 12:37Персона

1 верасня далёкага 1992 года настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі прыйшоў працаваць у Нягневіцкую сярэднюю школу Навагрудскага раёна малады амбіцыйны хлопец Леанід Самайловіч. Мы, на той момант старшакласнікі (я, дарэчы, вучылася ў 11-м класе), захапляліся ім, яго апантанасцю працай. А інфарматыка, якую ён выкладаў, здавалася чароўным і самым цікавым прадметам. Чэргі каля камп’ютарнага класа ўзнікалі пастаянна. Кожнаму хацелася павучыцца ў настаўніка складанню просценькіх праграм, маляванню, тым, на што былі здатны старэнькія “карветы”.

З гэтага часу прайшло 29 гадоў, а чэргі каля кабінета не знікаюць.

Леанід Мікалаевіч увесь час – у Нягневіцкай сярэдняй школе, але ўдзельнікаў алімпіяд рыхтуе практычна з усяго раёна. Ён – трэнер раённай каманды па інфарматыцы, сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Акрамя заняткаў у нашай школе, ён таксама вядзе факультатывы ў гімназіі № 1 Навагрудка.

Выбар прафесіі – справа сур’ёзная. Заўсёды ёсць нейкія перадумовы. Выбар факультэта прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды Л.М.Самайловіч паступіў у 1985 годзе, прадвызначыў, напэўна, матэматычны склад розуму. Але, акрамя гэтага, перад вачыма Леаніда Мікалаевіча быў прыклад яго бацькі, які таксама быў настаўнікам на Навагрудчыне.

У 1987 годзе вучобу прыйшлося спыніць – прызвалі ў армію. Службу праходзіў на Крайняй Поўначы, пад Нарыльскам. Праз два гады вярнуўся ў Мінск, каб працягнуць вучобу. Але ўсё аказалася не так проста…

За гэтыя 24 месяцы ўсё настолькі змянілася! Ва ўніверсітэце з’явіліся персанальныя камп’ютары, былі ўведзены новыя дысцыпліны, абнавіліся вучэбныя праграмы, адмянілі магчымасць атрымання дадатковых спецыяльнасцей. Першыя паўгода пасля арміі вучыцца было даволі складана, але ў хлопца ўсё атрымалася.

Рашэнне вярнуцца на малую радзіму – таксама не спантанны выбар.

– Першапачаткова ў мяне больш гадзін было па матэматыцы, – гаворыць Л.М. Самайловіч. – Але з развіццём праграмавання і IT-сферы падыходы да выкладання інфарматыкі ў школах змяніліся. З году ў год вучні пачалі больш цікавіцца гэтым прадметам, жадалі вывучаць яго звыш праграмы.

Прагрэс не стаяў на месцы і крок за крокам ахопліваў усе сферы жыцця, у тым ліку і школьную адукацыю. Тэхніка на занятках стала выкарыстоўвацца больш сучасная. Потым яшчэ больш новая. У снежні 2020 года адбылося чарговае абнаўленне тэхнікі ў камп’ютарным класе нашай школы. Вучні ўжо даўно не працуюць на “карветах”, ды і не змаглі б: навука не стаіць на месцы. Застаецца нязменным адно – жаданне вучыцца ў сапраўднага майстра.

Вынікам педагагічнай працы Леаніда Мікалаевіча з’яўляюцца высокі ўзровень ведаў вучняў і поспехі тых, хто актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху.

У педагога склалася свая сістэма ў рабоце з адоранымі вучнямі. За час педагагічнай дзейнасці настаўнік падрыхтаваў больш за 80 пераможцаў і прызёраў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

Найбольш увагі надае Леанід Мікалаевіч засваенню мовы праграмавання: на вучэбных занятках, факультатыўных занятках “Алгарытмізацыя і праграмаванне” і “Метады алгарытмізацыі”.

– Чаму праграмаванне? Таму што алімпіяда па інфарматыцы па сутнасці сваёй з’яўляецца алімпіядай па праграмаванні. А рашэнне алімпіядных задач уяўляе сабой цалкам самастойны навучальны раздзел з шырокімі тэарэтычнай і практычнай часткамі, – адзначае Леанід Мікалаевіч. – Іншымі словамі, без вялікай дадатковай работы ў алімпіядзе па інфарматыцы нават не варта пачынаць удзельнічаць. У падрыхтоўцы алімпіяднікаў асноўная роля настаўніка – тлумачыць асновы, накіроўваць на самастойную работу і працаваць разам з дзецьмі.

Падрыхтоўка да алімпіяды – гэта не толькі трэніроўка практычных навыкаў, развіццё лагічнага мыслення і памяці, а яшчэ выпрацоўка адпаведных маральных якасцей: вытрымкі, засяроджанасці на выніку, уласцівасць захоўваць самавалоданне ў складанай сітуацыі.

З гэтага навучальнага года Леанід Мікалаевіч пачаў выкладаць факультатыўны занятак “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” у 2-м і 3-м класах і заахвочваць прадметам вучняў-пачаткоўцаў.

І гэта зразумела: асаблівасць алімпіяды па інфарматыцы яшчэ і ў тым, што ўдзельнічаць у ёй могуць вучні ад 1-га да 11-га класа, але заданне ва ўсіх будзе аднолькавым. Вось і атрымліваецца, што чым раней дзіця дакранецца да гэтай навукі, тым раней зможа стаць пераможцам.  

Не раз Леанід Мікалаевіч гаварыў пра тое, што і ён таксама вучыцца ў сваіх вучняў і выпускнікоў.

Леанід Мікалаевіч – амбіцыйны педагог, але ж гэта рыса характару станоўчая. Калі вучні бачаць зацікаўленасць педагога, яго азарт, яны таксама пранікаюцца такімі ж пачуццямі.

Амаль усе вучні-алімпіяднікі настаўніка пасля заканчэння школы звязваюць свае прафесіі, сваё жыццё з IT-тэхналогіямі. Значыць, можна з упэўненасцю гаварыць і пра мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу педагога з вучнямі.

Леанід Мікалаевіч Самайловіч – педагог з вялікай літары. Вучні з удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка і стараюцца быць падобнымі да яго.

 

Галіна ІСАЕНКА,
дырэктар Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий