У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы з выхаванцамі сярэдніх груп праведзена сюжэтна-ролевая гульня “Што? Дзе? Калі?”
На сённяшні дзень ва ўстанове асаблівая ўвага надаецца новым формам работы, пошуку крэатыўных ідэй і нестандартных спосабаў навучання навыкам бяспечных паводзін і фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей і бацькоў. Як вядома, дзеці дашкольнага ўзросту больш за ўсё любяць гульні і забаўкі. Ствараючы для іх іміджавыя куткі, пляцоўкі, дзіцячыя міні-цэнтры бяспекі, мы прапануем выхаванцам не толькі тэрыторыю для гульняў, але і магчымасць вывучаць правілы бяспечных паводзін, спазнаваць прафесію ратавальніка.
Павышэнню ўзроўню ведаў дзяцей па асновах бяспекі жыццядзейнасці спрыяла сюжэтна-ролевая гульня “Што? Дзе? Калі?” Ролю круп’е ў гульні выконвала выхавальнік Т.С.Бортнік, якая настроіла дзяцей на гульню і пазнаёміла з яе правіламі.
У гульнявой форме выхавальнікі замацавалі веды дзяцей па асновах бяспекі жыццядзейнасці, развівалі творчую актыўнасць, кемлівасць, дапытлівасць. Асаблівыя заданні спрыялі выхаванню сяброўскіх узаемаадносін, пачуцця ўзаемадапамогі ў дзіцячым калектыве.
Дзецям падабалася тое, што заданні для іх былі падрыхтаваныя супрацоўнікамі дашкольнай установы і інспектарам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях П.І.Купрас, які бывае частым госцем у дашкольным цэнтры.
Фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей ажыццяўляецца ў розных напрамках. Важна не толькі засцерагаць ад небяспекі, але і рыхтаваць да сустрэчы з магчымымі цяжкасцямі, фарміраваць уяўленне аб найбольш небяспечных сітуацыях, неабходнасці захавання мер засцярогі, прывіваць навыкі бяспечных паводзін у побыце.
Таццяна КАРАВАЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы