Пасяджэнне раённага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Піншчыны  

- 10:53БРЕСТЧИНА, Регионы

Зберажэнне гістарычнай і культурнай спадчыны, духоўна-маральнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне – пра гэта і не толькі ішла размова на пасяджэнні раённага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Піншчыны.

Педагогі абмяняліся вопытам дзейнасці ўстаноў адукацыі па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму ў школьнікаў сродкамі літаратурнага краязнаўства і экскурсійнай работы.

Прадстаўнікі Сошненскай сярэдняй школы падрыхтавалі цікавую, змястоўную праграму. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.В.Хандрыка разам з настаўнікамі пачатковых класаў А.С.Чэчун і Н.Ф.Мішчук, настаўнікам гісторыі А.М.Дубойскім прэзентавалі напрацоўкі па тэме “Пошукава-даследчая дзейнасць як эфектыўны сродак патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

Вопыт пошукава-даследчай работы ўстановы паказаў, як гэта дапамагае вучням усвядоміць прыналежнасць да беларускага народа, вывучыць свае карані, адчуць непарыўную сувязь з папярэднікамі. Такая работа прывабная тым, што дзеці самі далучаюцца да пошуку, вывучэння гісторыі і нацыянальных традыцый.

Вынікам сумеснай работы вучняў, настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры Сошненскай сярэдняй школы становяцца навуковыя даследаванні, якія шырока выкарыстоўваюцца на ўроках мужнасці, класных гадзінах і іншых мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Вопыт пошукава-даследчай дзейнасці педагогі і вучні школы неаднаразова трансліравалі на раённых, абласных і рэспубліканскіх пляцоўках.

З вуснаў школьнікаў гучалі задушэўныя беларускія песні і вершы айчынных паэтаў. Удзельнікі былі ў захапленні ад народнага танца ў выкананні калектыву “Сузор’е” (кіраўнік Н.Л.Чынько). Юныя танцоры паказалі таксама танцы “Вясковае кола” і “Таўкачыкі”. Дзякуючы такой творчасці выхоўваецца любоў да народнага мастацтва і роднага слова.

Настаўнікі Сошненскай, Чухаўскай, Лышчанскай, Ставоцкай і Малоткавіцкай сярэдніх школ дзяліліся вопытам работы па тэме “Літаратурнае краязнаўства як сродак патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

Кабінет беларускай мовы і літаратуры Сошненскай сярэдняй школы ў раённым аглядзе-конкурсе быў адзначаны дыпломам першай ступені. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры С.У.Касцюк падзялілася вопытам работы кабінета як цэнтра вучэбна-метадычнай дзейнасці, лабараторыі поспеху, майстэрні па развіцці творчых здольнасцей вучняў.

У пасяджэнні ўдзельнічала Я.П.Рэбкавец, старшыня Сошненскага сельвыканкама, якая правяла краязнаўчую экскурсію “Гістарычныя ваколіцы Сошна”. На тэрыторыі сельвыканкама 10 гістарычных месцаў. Настаўнікі наведалі фамільнае пахаванне шляхецкага роду Свяжынскіх. Удзельнікаў семінара ўразілі надмагільныя помнікі, вырабленыя з бетону, мармуру і граніту. У 2009 годзе частка з іх была павалена вандаламі, а падземныя склепы разрабаваны. Дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў пры падтрымцы Пінскага райвыканкама і Сошненскага сельвыканкама могілкі ўдалося аднавіць.

Педагогі пагадзіліся, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне з’яўляецца вядучым у адукацыйным працэсе. Не ўсе вучні стануць вучонымі, інжынерамі, касманаўтамі. Адны будуць вырошчваць хлеб, другія – будаваць дамы, трэція – лячыць хворых, але кожны з іх павінен быць патрыётам.

Наша спадчына – сапраўдны скарб, які дапамагае фарміраваць асобу, здольную быць актыўным носьбітам нацыянальнай культуры і грамадзянінам.

 

Святлана КАХНОВІЧ,
метадыст Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий