Гродзенскія навучэнцы наведалі гістарычныя мясціны паўночнай Брэстчыны

- 9:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 6-х класаў сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна адправіліся ў турыстычную паездку па гістарычных мясцінах Пружанскага і Івацэвіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці.

У гэты дзень мы запланавалі наведаць памятныя мясціны розных эпох. Самым далёкім пунктам па адлегласці і найбольш набліжаным у часовым вымярэнні падзей стаў Мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына”. Як вядома, пачынаючы з моманту яго заснавання, штогод у апошні тыдзень мая тут адбываецца грандыёзная падзея – ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная жыццю партызан.

Мы прыехалі за дзень да гадзіны ікс і сталі сведкамі падрыхтоўчай працы шматлікіх гісторыка-краязнаўчых і ваенна-патрыятычных суполак. Нас правялі па былых партызанскіх лясных маршрутах, якія змяняліся балоцістымі сцяжынкамі, дзе сёння пракладзены драўляныя масткі. Паказалі найбольш значныя аб’екты партызанскага атрада, практычна некранутыя часам, – гэта і зямлянкі, і штаб атрада, і рэдакцыю газеты, і санчастку. Дзецям былі прапанаваны інтэрактыўныя заняткі па напісанні лістоў чарніламі. Юныя турысты прымяралі на сябе навушнікі ад рацыі, спрабавалі перадаць пасланне кодам Морзэ і надрукаваць дакумент на пішучай машынцы.

А яшчэ была цёплая гарбата з кавалачкамі цукру і сухарамі пад самаробным падстрэшкам. Дождж з градам і навальніцай, якія раптам спусціліся, дадалі пэўнай напругі і насцярожанасці, нагадаўшы пра злавеснае мінулае ваенных гадоў.

Затым мы перамясціліся ў мястэчка Косава, дзе побач адзін ад аднаго размясціліся два аб’екты – палац роду Пуслоўскіх і сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Пабудаваны ў неагатычным з элементамі класіцызму стылі і ўдала адрэстаўраваны, сваім велічным вонкавым выглядам палац нікога не пакіне абыякавым. Унутранае ўбранне таксама ўражвае гледача, хаця ўнутраны патэнцыял палаца пакуль цалкам не раскрыты – яшчэ некалькі пакояў рыхтуюцца адкрыць для турыстаў. Другі аб’ект адлюстроўвае побыт і атмасферу заможнай сям’і другой паловы XVIII стагоддзя.

У Ружанах мы агледзелі мясцовую славутасць – палацавы архітэктурны ансамбль, заснаваны ў пачатку XVII стагоддзя. Першая і асабліва Другая сусветныя войны знішчылі былую веліч палаца роду Сапегаў. Аднак цяперашняя карпатлівая праца па аднаўленні помнікаў даўніны паступова вяртае з нябыту ранейшую прыгажосць і пампезнасць гэтага помніка архітэктуры.

А завяршыла нашу паездку эколага-эстэтычная экскурсія па ружанскім заапарку “Залаты фазан”. Пад наглядам гаспадара “фазэнды” вучні пакармілі аленяў, казуль, янотаў. Навучэнцы ўбачылі вавёрак, насух, ліс, янотападобнага сабаку, а з птушак – некалькі парод фазанаў, качак, гусей. Павесяліўшыся на мясцовых атракцыёнах, задаволеныя дзеці адправіліся дадому.

 

Дзмітрый ЛЯНКЕВІЧ,
класны кіраўнік 6 “Б” класа
сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий