Настаўнікі і вучні клайшанскай школы здзейснілі паездку ў Хатынь

- 10:50ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Жаданне наведаць мемарыяльны комплекс “Хатынь” узнікла яшчэ пасля правядзення ў кожным класе адзінага ўрока “Аб чым звоняць званы Хатыні?”, прысвечанага 79-й гадавіне трагедыі. Сярод жадаючых былі навучэнцы, педагогі і работнікі школы. І вось вялікі калектыў дзяцей і дарослых адправіўся ў шлях даўжынёй у 314 кіламетраў.

Убачыўшы каменны надпіс “Хатынь” за пяць кіламетраў ад мемарыяла на павароце з Віцебскай трасы, ехалі моўчкі, у моцным хваляванні. Бо ўсе ведалі, што гэта не забаўляльнае мерапрыемства.

Сустрэлі нас экскурсавод Алена Навумава і страшныя лічбы, адлітыя ў бетоне на ўваходзе ў велізарны комплекс. Калісьці тут пачыналася Хатынь, абгароджаная, як і ўсе малыя вёскі. Вось гэтыя лічбы на сімвалічным плоце: 22 сакавіка 1943 года фашысты знішчылі вёску Хатынь з усімі яе жыхарамі, а таксама ператварылі ў руіны 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9 200 вёсак, усяго ад рук нямецкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі загінула 2 230 000 савецкіх грамадзян.

Экскурсавод Алена нагадала нам, што 22 сакавіка апоўдні ўсіх жыхароў, жанчын, старых, дзяцей, хворых выгналі з дамоў, сагналі ў хлеў на краі вёскі з моцнымі сценамі, замкнулі яго, абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Людзі крычалі ад жаху, у дыме задыхаліся і плакалі дзеці. У Хатынскай трагедыі загінулі ўсе 149 жыхароў, з іх 75 чалавек – дзеці. Самаму маленькаму было ўсяго сем тыдняў ад роду, яго маме – дзевятнаццаць.

Далей нас сустрэла скульптура “Непакорны”: Іосіф Камінскі, адзіны дарослы чалавек, які застаўся жывы, 56-гадовы каваль вёскі з мёртвым сынам на руках. Менавіта Іосіф Камінскі дапамагаў у пасляваенны час планаваць уладкаванне мемарыяла, бо па размяшчэнні вуліц, дамоў і нават калодзежаў гэта і ёсць загінулая вёска. На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў – абеліск у выглядзе коміна, на мемарыяльных плітах – прозвішчы і імёны спаленых жыхароў вёскі Хатынь, перад кожным домам – адкрытая брамка, бо закрыць яе няма каму. Дарэчы, Іосіф Камінскі да апошніх дзён прыходзіў у Хатынь, сам касіў траву каля сваёй хаты.

Званы, якія вісяць у кожным доме, звоняць адначасова кожныя 30 секунд. Па словах экскурсавода, кажуць, што гэта размаўляюць паміж сабой мёртвыя жыхары Хатыні.

Затым мы адправіліся на Могілкі Вёсак – адзіныя ва ўсім свеце: тут ушанавана памяць згарэлых дашчэнту 186 вёсак.

Не менш цяжка было слухаць факты ля Сцяны Смутку: гэта жалезабетонная сцяна з нішамі, дзе ўвекавечаны ахвяры 66 лагераў смерці.

На Плошчы Памяці экскурсавод расказала аб трох бярозках, якія сімвалізуюць жывых. А чацвёртай няма, на яе месцы гарыць Вечны агонь у памяць аб кожным чацвёртым. У гэтым месцы мы ўшанавалі памяць хвілінай маўчання.

Падчас экскурсіі ў многіх нашых дзяцей і дарослых на вачах былі слёзы: у Хатыні плачуць усе, і такіх слёз не трэба саромеецца. Пасля аповеду экскурсавода мы доўга яшчэ знаходзіліся на тэрыторыі Хатыні, усе разышліся, абдумваючы ўсё пачутае і слухаючы званы.

Па дарозе дамоў усе сышліся ў меркаванні: “Сюды трэба прыехаць кожнаму”. І не толькі, каб аддаць даніну памяці загінулым, а каб асэнсаваць усе жыццёвыя каштоўнасці.

Алена МІКША,
дырэктар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий