Вучні 2-га класа сярэдняй школы № 2 Смаргоні наведалі музей “Вадзяны млын” у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна.
Стаіць млын каля самай дарогі, здаецца, што гэта нізкае збудаванне. Але ў ім аж тры паверхі, проста высока насыпаная дарога хавае старадаўні будынак. Каля ўваходу таблічка з надпісам: “Гістарычная каштоўнасць. Ахоўваецца дзяржавай”. Вадзяны млын у Жодзішках – гэта не толькі музей, зерне на перапрацоўку сюды і сёння вязуць з усёй акругі.
Мы даведаліся, што пабудаваны млын быў 1781 годзе, а ў 1997 – рэстаўрыраваны. Гэта адзіны ў Беларусі старадаўні вадзяны млын, які працуе. Нам расказалі і паказалі, як мелецца мука: засыпаецца зерне ў бункер на трэцім паверсе, на возеры адкрываюцца заслонкі – вада ідзе на турбіну і на кола, потым на першым паверсе відаць, як сыплецца мука з жорнаў у мяшкі. У нас была магчымасць не толькі ўбачыць усё гэта на свае вочы, але і самім паспрабаваць уручную на каменных жорнах змалоць зерне на муку.
У экспазіцыі “Матуліна хата” мы ўбачылі сельскагаспадарчыя, ганчарныя, ткацкія прылады нашых продкаў, прадметы побыту сялян, паспрабавалі круціць ганчарны круг, паглядзелі, як выглядаюць і працуюць кросны. Музей адкрывае магчымасць па-сапраўднаму адчуць дух даўніны, дакрануцца да старадаўніх традыцый беларускага народа.
Вольга ЗАБРАМСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Смаргоні