Свята збору летняга ўраджаю «Дзень агурка» адбылося ў Шклове

- 9:00МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Сёлета гасцей фестывалю чакала насычаная праграма: парад страў з агурка і тэматычная тэатралізацыя, спартыўна-гульнявая пляцоўка, «горад майстроў», фотазоны, конкурсы, квэсты і інтэрактывы, канцэрт і дыскатэка. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымалі ўстановы адукацыі раёна.

– Гэтае свята праходзіць не ўпершыню і стала ўжо сапраўдным брэндам Шклоўшчыны. У прынцыпе, як і сам агурок. Першая згадка пра шклоўскія агуркі датуецца яшчэ 16 стагоддзем. Традыцыйна педагогі і навучэнцы раёна ўдзельнічаюць у арганізацыі фестывалю. Так, па нашай ініцыятыве асноўнай лакацыяй свята другі раз будзе тэрыторыя гарадской гімназіі. І гэта не выпадкова. Дадзеная ўстанова размешчана на месцы, дзе раней стаяла ратуша і быў гандлёвы цэнтр горада, – паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава.

Паволе яе слоў, удзел у фестывалі прынялі прадстаўнікі 30 устаноў адукацыі. Яны прадстаўлялі прысутным свае стылізаваныя падворкі. Педагагічныя калектывы падышлі да прэзентацыі з арыгінальнасцю і крэатывам.  Усе навучальныя ўстановы імкнуліся  здзівіць сваёй творчасцю. З простых звычайных рэчаў педагогі разам з навучэнцамі вырабляюць сапраўдныя шэдэўры.

Значна, што ў свята ўключылі блок мерапрыемстваў да новага навучальнага года. Асаблівы акцэнт быў зроблены на дэманстрацыі дзіцячага адзення дзелавога стылю. Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна паказалі агульныя элементы і каляровую гаму сваёй школьнай формы.

Напрыканцы фестывалю прайшло ўзнагароджанне калектываў. І тут не абышлося без прадстаўніцтва навучальных устаноў. У лік лідараў намінацыі на лепшы агурочны падворак увайшла Забродская сярэдняя школа. Гарадзецкі вучэбна-педагагічны комплекс адзначылі за тэматычны агурочны букет.  Сярод удзельнікаў, якія прыгатавалі самую смачную агурочную закуску і нарыхтоўкі адзначылі гімназію Шклова і яслі-сад № 2 горада. Узнагароду за самую адметную фотазону атрымаў калектыў ясляў-сада № 8 райцэнтра. Самы вялікі агурок таксама выгадавалі настаўнікі, а калі дакладней – прадстаўнікі Александрыйскай сярэдняй школы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ,
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий