Выхаванцы другой малодшай групы № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка прынялі ўдзел у мерапрыемтсве “Бывай, лета чырвонае!”.
Малышы адправіліся ў вандроўку “Лета-лецейка”. Дзеці чыталі вершы, адгадвалі загадкі, складвалі разразныя карцінкі. З мэтай замацавання прыкмет лета была праведзена слоўнікавая гульня “Так – не”, што садзейнічала развіццю ўвагі, лагічнага мыслення, мастацкага ўспрымання.
Далей дашкаляты апынуліся на палянцы забаў, дзе прыгадалі летнія забаўкі. Каталіся на арэлях, самакатах, гулялі з мячом, пяском, вадой, ў хованкі, што спрыяла сяброўскім адносінам з аднагодкамі.
Затым апынуліся на палянцы “Сонечная”, дзе іх увагу прыцягнула спрэчка Сонейка і Хмаркі, на прадмет іх важнасці ў навакольным свеце. Доўга мяркуючы, аналізуючы, дзеці зрабілі выснову: у прыродзе няма нічога непатрэбнага і лішняга, а каб Сонейка і Хмарка сталі сябрамі, весела гулялі ў гульню “Сонейка і дожджык”.
Рухаючыся далей, апынуліся на палянцы “Вітамінка”, дзе прыгадалі, якімі дарамі багата лета, а гуляючы ў гульню “Кавунок”, яшчэ замацавалі веды аб “жывых” вітамінах, якія выраслі на агародзе, у садзе, лесе і іх цудадзейснай сіле для здароўя чалавека.
Непрыкметна для сябе, дашкольнікі апынуліся на апошняй палянцы “Развітальная”, дзе кожны меў магчымасць сказаць “вялікі дзякуй” гэтай цудоўнейшай пары года і перадаць свой унутраны эмацыянальны настрой з дапамогай мімікі, рухаў, жэстаў у эцюдзе “Залатыя кропелькі”.
Свае ўражанні дзеці адлюстравалі ў малюнках і стварылі карцінную галерэю, як напамін аб леце, і аб тым, што яно дало магчымасць навучыцца многім каштоўным рэчам і запомніць яго яркім і вяселым.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка