У яслях-садзе № 2 Свіслачы прайшла музычна-спартыўная забава, прысвечаная святу вады – Дню Нептуна. Для выхаванцаў гэта адно з самых любімых і доўгачаканых летніх святаў.
Дзеці былі рады сустрэчы з магутным уладаром мораў і акіянаў царом Нептунам, яго жонкай, багіняй марской пены, Салацыяй і дачкамі – Русалачкамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі, паказвалі свае веды пра насельнікаў марскіх глыбінь, адгадваючы загадкі багіні Салацыі. Яны дапамаглі Нептуну ачысціць акіян ад экзатычнай садавіны, якая нападала ў ваду пасля ўрагану, сабралі жамчужыны з караляў Салацыі з дна марской бездані. У падзяку за гэта Русалачкі падарылі ўсім цудоўны марскі танец.
Разгарам свята сталі гульні з вадой у басейне, якія спрыялі фізічнаму развіццю і аздараўленню выхаванцаў, а таксама стварэнню святочнага настрою. Яшчэ больш весялосці, запалу і смеху ўнёс Чорцік, які з’явіўся ў разгар свята і абліваў усіх з водных пісталетаў, а затым зладзіў дзецям воднае выпрабаванне: дастаць з дна акіяна марскіх вожыкаў узамен на трызубец Нептуна. Дашкольнікі атрымалі магчымасць праявіць смеласць, знаходлівасць, настойлівасць у дасягненні вынікаў.
Завяршылася забаўляльная праграма прысвячэннем дашкалят у “нептуняты”.
Наталля БОЙКА,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 2 Свіслачы