Пазнаванне свету на экалагічнай сцежцы

- 7:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

Для выхавання асноў экалагічнай культуры дзяцей рукамі творчых, крэатыўных і ініцыятыўных супрацоўнікаў ясляў-сада № 34 Ліды абсталявана экалагічная сцяжынка.

Памочнікам дашкалят на экалагічнай сцежцы стала Бусляня па мянушцы Буся, якое любіць падарожнічаць, назіраць і даследаваць. Ёсць у Бусі чароўны рукзачок, з якім ён адпраўляецца на экскурсіі і ў турыстычныя паходы. У гэтым рукзачку заўсёды знойдуцца патрэбныя рэчы для назіранняў, даследаванняў і эксперыментаў. Падарожнічаючы з бусляняткам па экалагічнай сцежцы, выхаванцы пазнаюць прыроду, яе поўны прыгод і займальных адкрыццяў таямнічы свет.

На экалагічнай сцежцы працягласцю ў 210 метраў абсталяваны 19 станцый. На кожнай са станцый выхаванцаў чакае сустрэча з цікавым героем і новымі, дзіўнымі, прывабнымі аб’ектамі для назіранняў.

“Вясковае падвор’е” дае дзецям уяўленне пра хатніх жывёл, птушак і прадметы народнага побыту.

Гаспадыня станцыі “Кветкавая Дамісолька” – Флорушка – у гульнях з дашкольнікамі спрыяе фарміраванню ў іх уяўленняў пра прыкметы раслін як жывых істот і вучыць малых догляду за імі.

Зачароўвае выхаванцаў і відавы аб’ект “Птушыныя спевы” са шпакоўнямі, кармушкамі, паілкамі і візуальнай інфармацыяй пра пералётных і зімуючых птушак.

На станцыях “У Царэўны-Лягушкі”, “Масток жаданняў”, “У рыбака Фамы”, “Фламінга каля кветкавых азёр” дзеці знаёмяцца з жыхарамі вадаёмаў, пашыраюць уяўленні пра прыродна-кліматычныя зоны, прымаюць актыўны ўдзел у прыродаахоўных акцыях.

Жывой лабараторыяй пад адкрытым небам для дзяцей стаў агарод “Асарці”. Менавіта тут фарміруецца станоўчае стаўленне да зямлі як асноўнага багацця, закладваюцца навыкі і ўменні догляду за раслінамі.

Крыніцай пазнання прыроды бліжэйшага асяроддя розных прыродных супольнасцей з’яўляюцца станцыі “Зялёная прыгажуня”, “Акадэмія букашак”, “Фруктовы рай”, фітааптэка “Добрыя лекі”.

Развіццё ў дашкольнікаў эмацыйна-пазітыўнага стаўлення да прыроды, цікавасці да розных жанраў музычнага мастацтва забяспечваецца на станцыях “Клён кучаравы” і “Лясныя таямніцы добрага гнома”. Цікава, што дзеці самі напаўняюць гэтыя станцыі неабходным матэрыялам.  

На станцыі “Кветкавая палітра” выхаванцы маюць магчымасць выказваць свае ўражанні і эмоцыі ад прыроднага асяроддзя ў выяўленчай дзейнасці. Лагодны Акварэлькін прапануе дзецям замаляваць аб’екты назіранняў, а таксама скласці нацюрморт, аформіць плакат да акцый “Беражы прыроду”.

Станцыя “Здаравей-ка” – гэта сцежка здароўя з натуральных прыродных матэрыялаў. Тут створаны ўмовы для прафілактыкі захворванняў і карэкцыі здароўя дзяцей у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі, а дапамае педагогам у гэтай справе гульнявы персанаж Майдадыр.

“Метэалабараторыя” з’яўляецца важнай часткай работы па выхаванні экалагічнай культуры, дае магчымасць пазнаёміць дашкалят з галоўнымі стандартнымі метэаралагічнымі прыборамі, пагрузіцца ў свет даследаванняў і адкрыццяў.

Сумесная дзейнасць педагогаў з выхаванцамі на станцыі “Родны куточак зямлі беларускай” уключае ў сябе пазнавальныя гутаркі “Белавежская пушча”, “Бярэзінскі запаведнік”, “Па старонках Чырвонай кнігі”, завочныя экскурсіі, разгляданне плакатаў, карт “Беларусь рачная і азёрная”, народнага календара “Карагод круглы год” (беларускія абрадавыя лялькі), а таксама розныя віды гульняў.

Фарміраванне экалагічнай культуры выхаванцаў праз сумесную дзейнасць з бацькамі і педагогамі, добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы адукацыі стала магчымым на памятнай станцыі “Алея выпускнікоў”.

Улюбёным месцам для арганізацыі адпачынку дзяцей, назіранняў за навакольнай прыродай з выкарыстаннем бінокляў, напісання лістоў “Дзякуем прыродзе”, узнагароджання граматамі, прызамі і медалямі “Мы – сябры прыроды” з’яўляецца станцыя “Лавачкі-адпачывалачкі”.

Праца, якая праводзіцца на экалагічнай сцяжынцы з выхаванцамі, спрыяе раскрыццю цікавасці да жыцця раслін і жывёл, фарміраванню ўмення правільнага ўзаемадзеяння са светам прыроды, беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхаванню маральнага, эмацыйна-станоўчага і эстэтычнага стаўлення да прыроды.

Таісія КУДАШ,
выхавальнік ясляў-сада № 34 Ліды

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий